Вечарам 12 кастрычніка ў гродзенскай лякарні № 1 памёр паэт Юрка Голуб. Прычынай стаў інсульт, паведаміў старшыня Гарадзенскай філіі ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» Валянцін Дубатоўка, які сябраваў і апекаваўся Юркам, піша lit-bel.org.
Развітанне з пісьменнікам запланаванае на сераду 14 кастрычніка ў Каложскай царкве аб 11 гадзіне. Пахаванне адбудзецца на радзіме паэта ў Зэльве.
Юрка Голуб — беларускі празаік, паэт, журналіст. З 1978 — загадчык аддзела культуры абласной газеты «Гродзенская праўда», з 1979 — загадчык аддзела мастацкага вяшчання Гродзенскага абласнога тэлебачання і радыё. Вядучы тэлепраграмы «Гродзеншчына літаратурная». Член СП СССР з 1971 г. Вершы Юркі Голуба перакладзены на літоўскую, рускую, украінскую, польскую мовы.