2 кастрычніка лідэры Эўразьвязу ўзгаднілі плян увядзеньня санкцый да 40 асобаў, адказных за фальсыфікацыю прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і жорсткія рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў. Аляксандра Лукашэнку ў санкцыйны сьпіс ня ўнесьлі. Як беларускія экспэрты ацанілі такое рашэнне, піша «Радыё С**бода».
Латушка: «Эўрапейскі зьвяз дае Лукашэнку апошні шанец»
Былы дыпламат, чалец прызыдыюму Каардынацыйнай рады Павал Латушка адзначыў, што ў агучаным рашэньні важная найперш кансалідаваная пазыцыя Эўрапейскага зьвязу ў дачыненьні да фальсыфікацыі выбараў і гвалту супраць мірных грамадзянаў Беларусі.
«Гэта чарговае пацьверджаньне міжнароднай нелегітымнасьці грамадзяніна Лукашэнкі і прынцыповая ацэнка злачынстваў ягонага рэжыму. Мы лічым, што гэта толькі першы крок з боку цывілізаваных краін. Калі рэпрэсіі супраць беларускага грамадзтва ня спыняцца, калі ня будуць выпушчаныя палітычныя зьняволеныя, калі ня будуць прызначаныя новыя выбары, сьпіс асобаў, у дачыненьні да якіх санкцыі будуць уведзеныя, значна пашырыцца».
Павал Латушка вітаў прынцыповую ацэнку дзеяньняў нелегітымнай беларускай улады і выказаў спадзяваньне, што будуць уведзеныя дадатковыя санкцыйныя мэханізмы. Эўрапейскі зьвяз дае Аляксандру Лукашэнку апошні шанец, адзначыў былы дыплямат.
Пры гэтым Каардынацыйная рада чарговым разам заклікала сесьці за стол перамоваў. Рэжыму хопіць ратаваць сябе коштам жыцьцяў беларусаў і беларускай эканомікі, падкрэсьліў Павал Латушка.
Карбалевіч: «Брусэль баіцца заштурхнуць Беларусь у Расею»
Аналітык Радыё С**бода Валер Карбалевіч нагадвае, што папярэдні пік санкцый прыпаў на 2011 год. Пасьля жорсткага задушэньня акцыі пратэсту 19 сьнежня 2010-га ў Беларусі затрымалі за апазыцыйную дзейнасьць звыш 2 тысяч чалавек, зьявілася блізу паўсотні палітвязьняў.
«Цяпер маштаб падзеяў непараўнальны. Супраць рэжыму выступіла большасьць народу. Забітыя, сотні пакалечаных і параненых, звыш 14 тысяч затрыманых, больш за 70 палітвязьняў. Здавалася б, і санкцыі мусяць быць адпаведныя. Атрымалася наадварот. Калі ў 2011-м яны былі ўведзены ў дачыненьні да 243 прадстаўнікоў кіроўнай эліты, то цяпер супраць 40 чалавек, і Лукашэнкі ў гэтым сьпісе няма. Тады ўводзілася забарона на супрацоўніцтва эўрапейскага бізнэсу з 29 беларускімі кампаніямі, цяпер пра эканамічныя санкцыі ўвогуле не ідзецца».
Рознасьць падыходаў Валер Карбалевіч тлумачыць тым, што ў Эўразьвязе цяпер значна больш сваіх праблемаў, чым 10 гадоў таму. Пра што сьведчыць паўтарамесячнае блякаваньне рашэньня аб санкцыях Кіпрам.
Але галоўнае, на яго думку, у іншым: у беларускае пытаньне моцна ўмяшалася геапалітыка.
«За час пасьля Крыму павялічылася расейская сілавая пагроза рэгіёну Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы. І значэньне сувэрэнітэту Беларусі ў вачах эўрапейскіх палітыкаў узрасло. Брусэль баіцца жорсткімі санкцыямі супраць Лукашэнкі канчаткова заштурхнуць Беларусь у Расею. Наколькі такая лёгіка сёньня зьяўляецца рацыянальнай, гэта іншая справа. Але яна дзейнічае», — падсумоўвае аналітык.
Шрайбман: «Захад мае вельмі мала рычагоў у беларускім крызісе»
Палітычны аглядальнік Арцём Шрайбман лічыць, што ня варта ўспрымаць санкцыі Эўразьвязу як важную падзею. Гэта найчысьцейшы сымбалізм, лічыць ён.
«Ніхто ў Менску на гэта рэагаваць ня будзе, нічыіх паводзінаў гэта ня зьменіць. Стаўкі для беларускіх чыноўнікаў цяпер нашмат вышэйшыя, чым права на шэнгенскую візу. Нават Брусэль разумее сымбалічнасьць сваіх дзеяньняў, і таму санкцыі такія сьціплыя. Сьпіс у некалькі разоў карацейшы, чым у 2011-м. І без Лукашэнкі, пры тым, што рэпрэсіі нашмат больш жорсткія», — зазначае аглядальнік.
Санкцыі Эўразьвяз прымае, каб паказаць найперш самім сабе, што яны ня цынікі і правы чалавека яшчэ маюць значэньне. Такая матывацыя лепш за ўсё апісваецца словамі «для птушкі».
«У Захада мала рычагоў у беларускім крызісе. Прычына банальная: Лукашэнку пляваць на меркаваньні Брусэля. Каб было не пляваць, трэба, каб таваразварот з Эўразьвязам быў удвая большы, чым з Расеяй, а не наадварот. У гэтым ключавая перашкода для пагадненьняў Парыжа і Бэрліна з Масквой у беларускім пытаньні. Гэта не Малдова і не Ўкраіна, дзе Ўсход і Захад мелі роўнавялікі ўплыў. Масква можа вырашаць праблемы сама, без Макрона або Мэркель».
Паводле Арцёма Шрайбмана, пакуль бачыцца толькі адзін мэханізм рэальнага, хоць і адкладзенага ўплыву на крызіс у Беларусі, — «плян Маршала». Па яго словах, калі пакласьці на стол 3−5 мільярдаў эўра і сказаць, што першая дэмакратычная ўлада Беларусі атрымае гэтыя грошы на рэформы, гэта нічога ня зьменіць тут і цяпер, але можа зьмяніць у будучыні.
Фёдараў: «Стасункі з Эўропай сапсаваныя, і вельмі надоўга»
У сувязі з прынятымі Эўразьвязам візавымі санкцыямі да шэрагу беларускіх службовых асобаў афіцыйны Менск прыгразіў сваім санкцыйным сьпісам.
Удакладняецца, што адзіны сьпіс неўязных асобаў будзе дзейнічаць таксама ў рамках інтэграцыйных аб’яднаньняў, у якія ўваходзіць Беларусь. У МЗС папярэдзілі, што раскручваньне «санкцыйнага махавіка» можа прывесьці да яшчэ больш сур’ёзных наступстваў, напрыклад выхаду Беларусі з сумесных праграмаў і праектаў, перагляду ўзроўню дыпляматычнай прысутнасьці аж да рашэньня аб мэтазгоднасьці захаваньня дыпляматычных стасункаў.
Незалежны палітычны аналітык Андрэй Фёдараў пракамэнтаваў увядзеньне Менскам контрасанкцый супраць Эўразьвязу наступным чынам.
«Калі адкінуць патэтыку, то сэнс гэтага пасылу зразумелы: адносіны з Ээўразьвязам ізноў надоўга і вельмі істотна сапсаваныя. Невядома, хто можа аказацца ў гэтым тайным сьпісе — альбо Урсула фон дэр Ляйен, альбо Жузэп Бурэль. Гэта на сёньняші момант і ня важна. Галоўнае — стасункі сапсаваныя, і вельмі надоўга», — адзначыў у камэнтары для С**боды Андрэй Фёдараў.
У сваю чаргу МЗС Беларусі заявіў, што партнэры з Эўразьвязу забываюць «трагічныя ўрокі гісторыі», якая ім гэтага не даруе.
Чытайце таксама: