Гродзенец Ян прыдумаў сцягі для розных раёнаў горада. На кожным сцягу — нейкі гістарычны сімвал. Прыкладам стаў Мінск, дзе ўжо некаторыя жыхары выходзілі ў горад са сваімі сягамі. Сваю працу хлопец прадставіў у тэлеграм-канале «Haradzenski».
Ян кажа, што ён не мастак і што яго праца не ідэал. Але каб натхніць гродзенцаў на нейкую адметнасць, ён паспрабаваў нешта зрабіць.
«Беларусы пачалі масава выкарыстоўваць беларускія нацыянальныя і гістарычныя сімвалы. Акрамя бел-чырвона-белага сцяга і „Пагоні“, на акцыях бачна таксама гербы гарадоў і мястэчак. Акрамя існуючых сімвалаў, людзі пачалі самі ствараць розныя плакаты, нетыповыя строі ці сімвалы гарадскіх раёнаў», — кажа Ян.
На гэтай хвалі і ён вырашыў зрабіць некалькі сцягоў гродзенскіх раёнаў. Ён адзначае, што не прэтэндуе на дызайнерскі прафесіяналізм, таксама ён не выкарыстоўваў правілы геральдыкі ці вексілалогіі - дапаможных гістарычных дысцыплін, якія вывучаюць гербы і сцягі.
Ян кажа, што ў агульнаеўрапейскай гісторыі такія сімвалы гарадскіх раёнаў не навінка. Пры стварэнні «штандараў» раёнаў ён выкарыстаў розныя «знакі».
«Больш вядомыя, крыху забытыя, або ўвогуле метафарычныя. І тут таксама няма прэтэнзіі на нейкую кананічнасць. Ужо нават бачыў каментары, дзе не толькі хвалілі, але і звярталі ўвагу, што тут можна было б выкарыстаць іншы сімвал, а там нешта змяніць у графічным плане. Гэта вельмі добра, што робяцца заўвагі. І гэта нагода, каб гродзенцы таксама прапанавалі свае варыянты», — кажа Ян.
Ён лічыць, што такая творчасць узмоцніць агульнабеларускі і лакальны патрыятызм.
Прапановы Яна наконт сцягоў раёнаў - не адзіныя. У раённых чатах у Telegram паралельна пачалі з’яўляцца іншыя знакі ад іншых аўтараў. Рэдакцыя Hrodna.life выбрала некаторыя з іх.
Чытайце таксама: Пярэселка, Шанхай і Палестына: у Гродне стварылі карту «народнага» раянавання горада пасляваенных гадоў