15 верасня з’явілася інфармацыя аб спыненні двух цэхаў на «Гродна Азот»: Аміяк-3 і Карбамід-4. Спыненне аварыйнае — паломка адбылася ў цэху Аміяк-3, паведаміла Hrodna.life крыніца на прадпрыемстве.
«Што-то стала працякаць, цэх спынілі, а Карбамід-4 — на разгрузцы, пакуль не адрамантуюць», — распавяла Hrodna.life супрацоўніца «Гродна Азот». Два цэхі тэхнічна ўзаемазвязаны, таму абодва спыніліся.
Вытворчасць працуе так, што калі спыняецца цэх, трэба спаліць рэшткі газу, скінуць ціск у апаратах. У такіх выпадках з Гродна бачны «факел» над «Азотам».
Колькі будзе доўжыцца рамонт, пакуль невядома. Таксама супрацоўніца «Азоту» распавяла, што 18 верасня плануюць спыніць на рамонт цэх Аміяк-4.
Іншая крыніца на прадпрыемстве таксама пацвердзіла Hrodna.life, што цэхі спыненыя для рамонту. Цэх толькі пачалі спыняць, бо ён вялікі, патлумачыў супрацоўнік прадпрыемства.
«У цэху „Аміяк-3“ каля 18.30 на адной з установак выйшаў з ладу датчык узроўню, з-за чаго адбылося спыненне сістэмы. Выпуск прадукцыі на час спынення працы сістэмы не перапыняўся, бо аміяк пастаўляўся са сховішча. Цяпер спецыялісты запускаюць сістэму. Днём раней быў тэхнічны збой у цэху „Карбамід-4“, праблему ліквідавалі на працягу гадзіны», — паведамілі на прадпрыемстве.
15 верасня ў Тelegram-каналах сталі распаўсюджвацца заклікі правесці 16 верасня Дзень салідарнасці з страйкоўцаў: не выходзіць на працу пад любым прэтэкстам. Тады ж з’явілася інфармацыя аб спыненні цэхаў.