Суд Кастрычніцкага раёна Гродна ўвечары 14 верасня прысудзіў Людміле Таранок 10 сутак арышту і штраф 15 базавых велічыняў (405 рублёў). Жанчыну судзілі за дробнае хуліганства і ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Суд праходзіў у РАУС Кастрычніцкага раёна. Гродзенку затрымалі 13 верасня. Днём раней на акцыі пратэсту каля гандлёвага дома «Нёман» яна сарвала маску з міліцыянты ў грамадзянскай вопратцы.

Праваабаронца Раман Юргель з Беларускага Хельсінкскага Камітэта лічыць, што суддзя вынес такое пакаранне для Таранок, каб іншыя грамадзяне ў будучыні не вылівалі свой гнеў на відэааператараў РАУС і не зрывалі з іх маскі.

«Жанчына эмацыйна сябе павяла ў гэтай сітуацыі. Таксама лічу, што той, хто здымаў групу жанчын, якія шпацыравалі, не павінен быў так блізка гэта рабіць. У такіх умовах трэба было весці аператыўную здымку на прыстойнай адлегласці», — сказаў Hrodna.life Раман Юргель.

Чытайце таксама: «Я очень горжусь ее крепким духом». Беларус из США рассказал про задержание матери в Гродно