У Гродно 12 верасня прайшла жаночая акцыя пратэсту, падчас якой каля гандлёвага дома «Нёман» жанчыны сарвалі маску з невядомага ў чорным, які здымаў іх на камеру. Ноччу 13 верасня гродзенку, якая гэта зрабіла, затрымалі ў яе кватэры. Пачалі адміністрацыйныя працэсы за дробнае хуліганства і ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Каля 15.00 жанчыны сабраліся каля гандлёвага цэнтра «Нёман» на вуліцы Савецкай. Удзельніц было чалавек 50, яны спявалі песні. Да дзяўчат падыходзілі супрацоўнікі праваахоўных органаў, якія сказалі ім, што «стаяць тут — незаконна» і сышлі ў прыпаркаваны побач аўтамабіль.

Удзельніцы скандавалі «Садзіце дрэвы, а не людзей». Іх здымаў на камеру малады чалавек з закрытым тварам. Скандуючы «Я всегда с собой беру видеокамеру» і пляскаючы, удзельніцы акцыі сарвалі з яго маску. Адразу пасля гэтага мужчына паспяшаўся сысці. Рэшткі маскі кінулі яму ўслед.

Жанчыну затрымалі ва ўласнай кватэры

У чатах Telegram паведамілі, што жанчыну, якая зняла маску з чалавека ў грамадзянскім, завуць Людміла Таранок і яе затрымалі каля 01.00 13 верасня ў яе кватэры. Затрымліваў, мяркуючы па дадзеных з чатаў, той самы хлопец, з якога знялі маску.

 — Супрацоўнікі міліцыі ўжо з вечара «дзяжурылі» каля нашай кватэры. Калі я вяртаўся дадому пасля працы, яны папрасілі зайсці ў кватэру і паглядзець, ці ёсць там мама. Мамы дома не было. Тады яны папрасілі ёй патэлефанаваць. Я набраў яе нумар, а размаўлялі з ёй ужо яны, — распавёў s13.ru сын Людмілы Улад. — Мама вярнулася, і нас абодвух завезлі ў Ленінскі РАУС. Мяне дапыталі і адпусцілі, а маці ўжо няма.

Цяпер, верагодна, Людміла знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на вул. Гая, 4.

Што кажуць у МУС пра гэты выпадак?

Супрацоўнік міліцыі ў грамадзянскай форме адзення «нёс службу па ахове грамадскага парадку» і «дакументаваў супрацьпраўныя дзеянні ўдзельнікаў несанкцыянаванага мерапрыемства», паведамілі ў міліцыі.

У дачыненні да жанчыны, якая сарвала маску, пачалі адміністрацыйныя працэсы за здзяйсненне дробнага хуліганства і ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

Арт. 17.1 КаАП (Дробнае хуліганства) цягне штраф у памеры ад двух да трыццаці базавых велічынь (54−810 рублёў) або адміністрацыйны арышт. Арт. 23.34 КаАП (парушэнне ўстаноўленага парадку правядзення сходу, мітынгу, вулічнага шэсця, дэманстрацыі, пікетавання, іншага масавага мерапрыемства) цягне папярэджанне, або накладанне штрафу ў памеры да трыццаці базавых велічынь (да 810 рублёў), або адміністрацыйны арышт.

Читайте также: «Я очень горжусь ее крепким духом». Беларус из США рассказал про задержание матери в Гродно