Ноччу з 16 на 17 жніўня ваенная тэхніка на гадзіну заблакавала рух для жыхароў Ласосна-4 і пашкодзіла дарогу. У ноч з 3 на 4 верасня гусенічная тэхніка вярталася ў частку і зноў нанесла пашкоджанні дарожнаму пакрыццю і тэхнічным элементам дарогі. Мясцовыя жыхары склалі калектыўны зварот і адправілі яго кіраўніцтву Гродзенскага гарвыканкама і Заходняга аператыўнага камандавання. Адказ яны пакуль не атрымалі, хоць прайшло 15 дзён, адведзеныя законам.
У звароце жыхары апісалі праблему. «Рух тэхнікі працягваўся больш за гадзіну. На працягу ўсяго гэтага часу для жыхароў мікрараёна быў зачынены праезд у горад, не было магчымасці для праезду аўтамабіляў экстранных службаў (хуткая дапамога, МНС, міліцыя) у выпадку неабходнасці.
У выніку руху ваеннай тэхнікі новае дарожнае пакрыццё было пашкоджана: па ўсім пакрыцці з’явіліся ўвагнутасці і драпіны ад гусеніц, разбітая абза дарогі, на праезнай частцы шмат пяску".
Таксама жыхары пералічваюць праблемы, якія засталіся пасля вяртання тэхнікі ў верасні:
- разбіты бартавы камень ля павароту на Добрую вуліцу (Ласосна-3) на працягу каля дзесяці метраў;
- разбіты бартавы камень і тактыльная плітка на пешаходным пераходзе ля паўднёвага краю гаражоў каля Ласосна-3;
- разбіты асфальтавы пласт на ўсім працягу дарогі ад Гарадзенскай вуліцы да Ласосна-4, у прыватнасці каля люка пры павароце на Вербавую вуліцу і каля пешаходнага пераходу ля паўднёвага краю гаражоў каля Ласосна-3;
- бруд, вынесены з поля, па якім рухалася тэхніка, расцягнуты па дарозе ад Гарадзенскай вуліцы больш чым на кіламетр у бок Ласосна-4.
Гарвыканкам: тэрміны разгляду звароту працягнулі
Жыхары мікрараёна Ласосна-4 г. Гродна просяць ліквідаваць пашкоджанні і прыняць меры, каб у далейшым ваенная тэхніка перамяшчалася ў аб’езд участка, які з’яўляецца адзіным праездам у горад.
Калектыўны зварот перадалі 18 жніўня ў гарвыканкам на імя Мечыслава Гоя і 19 жніўня — у Заходняе аператыўнае камандаванне на імя камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання Віктара Гулевіча. Зварот падпісаў 21 чалавек — па аднаму чалавеку з дома, усяго ў мікрараёне 100 дамоў.
На 4 верасня, спуся 17 дзён, адказ жыхары не атрымалі. У Гродзенскім гарвыканкаме паведамілі Hrodna.life, што на звароты адказваюць на працягу 15 дзён. У выпадку, калі патрэбныя дадатковыя выезды і вывучэнні, тэрмін адказу можа працягвацца да месяца. Жыхары сказалі, што іх не апавясцілі аб падаўжэнні тэрмінаў разгляду звароту. Атрымаць каментар у Заходнім аператыўным камандаванні Hrodna.life не ўдалося.
Жыхары: ёсць і іншыя праблемы
Таксама жыхары звяртаюць увагу, што будаўніцтва дарогі пачалося ў канцы 2019 года пасля працяглых неаднаразовых зваротаў у органы ўлады. Праект дарогі да канца не рэалізаваны, з прычыны недастатковага фінансавання, аб’ект у эксплуатацыю не здадзены, што пацвярджае адказ ад Гродзенскага гарадскога ЖКГ. Таксама жыхары просяць разгледзець пытанне аб падаўжэнні гарадскіх аўтобусных маршрутаў да мікрараёна Ласосна-4.