Гродзенскія мастакі запісалі зварот, у якім заклікалі быць вольным. Выяўленчае мастацтва звычайна маўклівае і суб’ектыўнае, але яно заўсёды нясе ў сабе ідэю гуманізму, свабоды і асветы. Сапраўднае мастацтва стварае і аб’ядноўвае, яно заўсёды на боку праўды і сумлення, сцвярджаюць яны.
«Тое, што адбылося і адбываецца зараз у нашай краіне — гэта боль, які немагчыма схаваць, з якім нельга мірыцца, гэта НЕДАПУШЧАЛЬНА! Гэта абраза нас, як грамадзян і нашай чалавечай годнасьці. Мастацтва не можа існаваць ва ўмовах гвалту, татальнай няпраўды, агрэсіі і тэрору, бо мастацтва — гэта шчырасьць і павага, гэта радасць і жыццё, а ўсё жывое дыхае, расьце і змяняецца. Тое, што не рухаецца, тое, што застылае — гіне і распадаецца.
Немагчыма трымаць і ўтрымліваць краіну «сінімі пальцамі»! Немагчыма аніякімі «высокімі мэтамі» апраўдаць непамерны гвалт у адносінах да людзей! Не можа грамадства існаваць і развівацца ва ўмовах недаверу і няпраўды! Немагчыма загнаць краіну ў «светлую будучыню» сілай і дубінамі!
Мы мастакі - грамадзяне-Беларусы, з народам і з праўдай!" - сказалі мастакі.