Амаль чатыры месяцы гродзенскі мастак-рэстаўратар Аляксей Навумчык працаваў над стварэннем роспісаў у двары гандлёвага цэнтра ABC. Яго новы праект складаецца з чатырох карцін прысвечаных розным эпохам з гісторыі Гродна.
Аляксей працуе рэстаўратарам у Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі. Гэты праект ён рабіў у вольны ад працы час. Ён планаваў скончыць працу яшчэ летам, але з-за палітычных падзей у краіне праект расцягнуўся на некалькі месяцаў.
«Я задаволены працай. Усё, што хацеў рэалізаваць, я рэалізаваў. Такіх вялікіх праектаў у горадзе ў мяне не так ужо і шмат, таму для мяне — гэта чарговае творчае дасягненне», — распавёў Hrodna.life Аляксей Навумчык. Паводле яго слоў, многія ўбачаць на малюнках знаёмыя месцы і знаёмых людзей.
Што маляваў Аляксей?
Праект складаецца з чатырох малюнкаў, якія расказваюць пра чатыры эпохі гісторыі Гродна: Рэнесанс, царскі перыяд, міжваеннае дваццацігоддзе і савецкую эпоху.
Што яшчэ маляваў мастак?
Ва ўнутраным дворыку гандлёвага цэнтра ABC на працягу некалькіх гадоў можна было ўбачыць вялікія роспісы сцен з відамі Гродна пачатку XX стагоддзя. Гэтыя роспісы Аляксей Навумчык маляваў у 2017 годзе. У пачатку лістапада 2019 года гарадскія службы разбурылі сцяну з часткай малюнкаў. Рабочыя спасылаліся на аварыйнасць сцяны. Тады ж кіраўніцтва гандлёвага дома «Нёман» паабяцала ў будучыні аднавіць роспісы. У выніку карціны не аднавілі, але кіраўніцтва «Нёмана» дало магчымасць мастаку рэалізаваць новы праект.