Каля 15.30 21 жніўня ў двор Кірава, 3 для затрымання Сяргея Верамеенкі прыйшоў супрацоўнік міліцыі старэйшы лейтэнант Уладзімір Дмухоўскі і чатыры АМАПаўцы са зброяй, у масках і цывільным адзенні. Супрацоўнікі АМАП не прадставіліся і не паказалі дакументаў. Што гэта АМАП, стала вядома са слоў міліцыянта. Сяргея Верамеенку абвінавачваюць па арт. 23.34 КоАП — удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Гаворка ідзе пра мітынг 19 жніўня каля тытунёвай фабрыкі, калі гараджане прыйшлі падтрымаць страйкоўцаў на прадпрыемстве.
Відавочцамі затрымання сталі работнікі з офісаў на Кірава, 3 і грамадскія актывісты. Людзі цікавіліся, чаму на затрыманне па адміністратыўнай справе прыязджаюць супрацоўнікі АМАПу. Сяргей адмаўляўся ехаць у таніраваным мікрааўтобусе з АМАПам і прасіў даць яму іншы транспарт. Супрацоўнік міліцыі адмовіўся яго даць.
Сяргей прасіў супрацоўнікаў АМАПа прадставіцца, але яны гэтага не зрабілі. Міліцыянт на гэта адказаў, што ён перад ім прадставіўся і паказаў дакументы.
Сяргея павезлі ў РАУС Кастрычніцкага раёна. Верагодна, там ён прабудзе да суда.
За ўдзел у тым жа мерапрыемстве будуць судзіць актывіста Ежы Грыгенча.
UPD. Каля 17.00 Сяргея адпусцілі.
Сяргей Верамеенка — сябра Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі, прадпрымальнік, уладальнік крамы «Адметнасць», дзе прадаюць беларускія тавары з нацыянальнай сімволікай і не толькі. Сяргея раней ужо судзілі за акцыі за незалежнасць Беларусі.