Незалежнай назіральніцы Галіне Крыстыновіч стала дрэнна пасля эмацыйнай размовы са старшынёй участка і дзяжурным міліцыянтам. 56-гадовую жанчыну вынеслі на насілках медыкі і супрацоўнікі міліцыі. Гэта адбылося 8 жніўня на выбарчым участку №56 у сярэдняй школе №36 у Гродне.
Галіну павезлі на машыне хуткай дапамогі. Пра падзеі на ўчастку распавёў Hrodna.life сведка Віктар Шчыглінскі.
«Мы стаялі пад дзвярыма, кожны на сваім участку. Унутр нікога не пусцілі. Да жанчыны-назіральніцы падышоў міліцыянт і старшыня ўчастка. Яна пачала іх здымаць. Старшыня сказаў, што нельга, тады міліцыянт пачаў патрабаваць, каб Галіна выйшла са школы. Яна не згаджалася – пачала тэлефанаваць у ЦВК, пакуль тэлефанавала –
прыехалі хлопцы з РАУС і вывялі яе. Я выйшаў на ганак – жанчына ўжо сядзела на парапеце і сказала, што ёй стала дрэнна – баліць сэрца».
Віктар выклікаў Галіне хуткую. Жанчыну даставілі ў бальніцу хуткай дапамогі, яе здароўю нічога не пагражае.
«У мяне ўжо ўсё добра, зрабілі ўкол і кардыяграму. Шпіталізаваць не будуць, – распавядае Галіна Крыстыновіч. – Я была на ўчастку не проста як назіральнік, але і як выбаршчык. Гэта мой участак. Я задала пытанне старшыні, а мне пачалі расказваць пра мае правы. Выклікалі дзяжурнага супрацоўніка і мяне папрасілі сысці з участку.
Прагаласаваць так і не далі. З-за ўсяго гэтага мне стала дрэнна».
Галіна зараз вяртаецца дадому. Пасля абеду яна плануе вярнуцца на ўчастак.



