4 жніўня гродзенскага актывіста Ежы Грыгенчу забралі людзі ў цывільным адбываць адміністрацыйны арышт у ізалятар часовага ўтрымання, паведамляе harodniaspring.org.

13 ліпеня суддзя Ларыса Барэль прысудзіла Грыгенчу 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у масавым несанкцыянаваным мерапрыемстве (арт.23.34 КоАП). Гэта арышт за акцыю салідарнасці з палітзняволенымі, якая адбылася 19 чэрвеня. Аднак на «суткі» яго не забіралі да 4 жніўня, спасылаючыся на адсутнасць дакументаў.

20 ліпеня суддзя абласнога суда Валерый Раманоўскі не задаволіў скаргу Грыгенчы на пастанову суда Ленінскага раёну.

Ежы Грыгенча падаў заяву на імя начальніка ІЧУ Лаўрушкі І.В. У заяве ўказаныя 5 пунктаў:

1. Адмова ад харчавання.
2. Забяспечыць лекамі як гіпертоніка.
3. Забяспечыць штодзённымі прагулкамі.
4. Забяспечыць права прагаласаваць 9 жніўня.
5. Прадставіць права назіраць на выбарах як даверанай асобе Ганны Канапацкай.

Гродзенскія правабаронцы лічаць такі адміністрацыйны арышт Грыгенчы адкрытым палітычным пераследам. «Гэта робіцца для таго, каб пазбавіць Грыгенчу як актыўнага выкрывальніка парушэнняў выбарчага заканадаўства магчымасці весці назіраннне за працэсам галасавання», — паведамілі яны раней.

Ежы Грыгенча — сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі. На выбарах-2020 — давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Ганны Канапацкай. У 2019 годзе паводле таго ж артыкулу яго судзілі за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі Беларусі з Расіяй, у 2017 — за ўдзел у Маршах недармаедаў.