Сяргей Ціханоўскі адказвае на ўсе лісты, Віктар Бабарыка верыць у перамены, а Валерый Цапкала працуе «палітыкам і татам». Члены аб’яднанага штаба распавялі Hrodna.life 30 ліпеня на анлайн-сустрэчы Прэс-клуба з аб’яднаным штабам кандыдата, што цяпер адбываецца з палітыкамі.
Сяргей Ціханоўскі знаходзіцца ў СІЗА № 1 Мінска. Яго затрымалі 29 траўня ў Гродне на пікеце па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую. 30 ліпеня стала вядома, што яму працягнулі тэрмін знаходжання пад вартай да 29 верасня.
— Сядзіць. Перажывае за нас. Перадае прывітанні. Піша лісты — усім адказвае. На Сяргея ў СІЗА аказваецца ціск рознымі метадамі і спосабамі. Але ён не губляе прысутнасці духу. Ведае, што ўсё, што ён зрабіў для людзей, пераменаў, было не дарма, — сказала Hrodna.life Святлана Ціханоўская.
Віктар Бабарыка знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Яму прад’явілі абвінавачванні па ч.2 арт. 235 (Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, учыненая паўторна, або службовай асобай з выкарыстаннем сваіх службовых паўнамоцтваў, альбо ў асабліва буйным памеры), ч.2 арт. 243 (Ухіленне ад выплаты падаткаў, што пацягнула шкоду ў асабліва буйным памеры) і ч. 2 арт. 431 (Дача хабару паўторна або ў буйным памеры) КК. 29 ліпеня ля будынка КДБ у Мінску затрымалі дзясяткі чалавек, якія прыйшлі з хадайніцтвам аб змене меры стрымання.
— Мы атрымліваем лісты, якія прыходзяць яго сваякам і сябрам. Ён нас вельмі моцна падтрымлівае, знаходзіцца ў бадзёрым стане духу. Іх не зламаць, яны вераць у перамены і жадаюць нам усім перамогі, — распавяла Марыя Калеснікава, прадстаўніца штаба Віктара Бабарыкі.
Валерый Цапкала 24 ліпеня з’ехаў з дзецьмі з Беларусі, таму што яму нібыта пагражала затрыманне. Ён знаходзіцца ў Расіі.
— Валерый працуе на міжнароднай арэне. Стараецца нас падтрымаць. Ён даў вялікую колькасць інтэрв'ю расійскім і заходнім СМІ. Займаецца пазіцыянаваннем Беларусі на міжнароднай арэне. Не заўсёды замежныя СМІ маюць доступ да навінаў пра Беларусь. Валерый распавядае пра сітуацыю, якая склалася ў Беларусі - пра несправядлівасьць. Да таго ж, ён знаходзіцца з дзецьмі - іх павезлі за межы Беларусі. Так што Валерый працуе ў ролі палітыка і ў ролі таты, — распавяла яго жонка Вераніка Цапкала.
Чытайце таксама: Тихановскому грозит до 12 лет тюрьмы. Следственный комитет связал с его делом задержанных «вагнеровцев» из России