Сяргей Санец — выкладчык па класе саксафона ў каледжы мастацтваў. У ліпені, з-за адсутнасці конкурсаў, ён стаў выходзіць у цэнтр Гродна са сваімі вучнямі на заняткі, каб тыя набіраліся вопыту. Пра музыку на вуліцах горада і пра першы вулічны квартэт саксафаністаў Сяргей распавёў Hrodna.life.
Свой квартэт гродзенцы назвалі «Lucky Four». Пакуль яны гралі на вуліцах горада ўсяго некалькі разоў.
«Столькі саксафонаў яшчэ не грала адначасова ў цэнтры, — распавёў Hrodna.life Сяргей Санец. — Граюць мае вучні. Пандэмія не дала магчымасці адбыцца шэрагу міжнародных конкурсаў і многім іншым мерапрыемствам, да якіх мы ўзмоцнена рыхтаваліся. Маладым музыкам дзесьці хочацца рэалізавацца, тым больш што цяпер вакацыі і адпачынкі. Вядома, адчуваецца па людзях палітычнае і пандэмічнае напружанне. Усё гэта не можа не адбівацца і на рэакцыі людзей на музыку. А так, у прынцыпе, нам гэта трэба дзеля прафесійнага росту».
Сяргей кажа, можна было б займацца ў класе ўвесь час, але гэта не стымулюе музыканта. Сам ён граў адзін час на вуліцы за мяжой і ведае, як гэта дапамагае.
«Класная работа неабходная для адпрацоўкі нейкіх навыкаў, але трэба тым не менш граць на гледача, пераадольваць хваляванне і адрэналін. Раскрываць у сабе неабходныя творчыя флюіды. Вуліца для нас — адначасова занятак і невялікі матэрыяльны стымул. Зараз у цэнтры Гродна вялікая канкурэнцыя — шмат прафесійных музыкаў. Мяжа зачынена і ніхто не можа выехаць на заробкі».
Які б ганарар не быў, дзецям падабаецца граць на вуліцы. Яны ў захапленні, расказаў Hrodna.life Сяргей.
Хто яшчэ выйшаў граць на вуліцы?
У сярэдзіне чэрвеня на вуліцы Савецкай з’явілася трыа з «Гродзенскай капэлы». Ганна грае на флейце, Ілля на альце, Антон на віяланчэлі. Яны граюць сусветныя хіты. У пачатку ліпеня на пешаходцы з’явіўся 10-гадовы Леў — грае на акардэоне. Раней ён удзельнічаў у міжнародных фестывалях і атрымліваў узнагароды.
Вулічныя музыкі, якія гралі да пандэміі, з-за нізкіх заробкаў сталі шукаць працу. Напрыклад, акардыяністка Лена Патапава пайшла працаваць санітаркай у абласную бальніцу, а Аляксандр Зімін, які грае на хэндпане, уладкаваўся дворнікам у дзіцячую бальніцу.