На пешаходнай вуліцы ў цэнтры Гродна з’явіліся новыя музыканты. Мінакі спыняюцца побач, каб паслухаць сусветныя хіты ў прафесійным выкананні ўдзельнікаў «Гродзенскай капэлы». Hrodna.life даведаўся, адкуль з’явіліся музыканты і ці надоўга яны затрымаюцца на Савецкай.

У Гродна Антон Сіліч і яго напарнік Ілля Белы патрапілі па размеркаванні пасля вучобы ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ў 2018 годзе. Антон родам з Бабруйска, Ілля — з Барысава.

«Два гады ў нас была адпрацоўка ў Гродне. Мы граем у „Гродзенскай капэле“. Цяпер няма канцэртаў па аб’ектыўных прычынах. Сядзець дома не выйсце. У сярэдзіне чэрвеня мы ўпершыню выйшлі граць у цэнтр Гродна», — кажа Антон.

Антон граў на вуліцы і раней. З калегамі ён быў у Германіі і Польшчы. У яго вялікі вопыт вулічнага музыканта.

«Многія музыкі лічаць, што выходзіць на вуліцу - не высакародна. Маўляў, гэта нешта падобнае да жабравання. Я бачу ігру на вуліцы як нейкі перформенс або прадстаўленне. Цяпер межы зачыненыя, зарплаты, якую я атрымліваю ў капэле, асабіста мне не хапае. Жонка працуе на паўстаўкі, у нас яшчэ маленькае дзіця. Заробленых грошай хапае, каб выйсці ў нуль. Раней ездзіў за мяжу, там граў на вуліцы і ў рэстаранах».

Музыкі ў Беларусі атрымліваюць мала, таму шукаюць падпрацоўку ў розных калектывах і установах, кажуць Антон і Ілля.

«Я б таксама мог ісці дадаткова куды-небудзь граць, але мне гэта эканамічна нявыгадна, - кажа Антон. - Мне выгадней мець больш вольнага часу. Зарабіць на вуліцы ў Беларусі таксама можна, досыць нядрэнны заробак».

Пакуль музыкі граюць у дуэце і часам запрашаюць гродзенку Ганну з флейтай. Над назвай калектыву яшчэ думаюць. У планах — граць на вуліцы ў Гродне, у будучыні магчымыя паездкі і па іншых гарадах Беларусі.

«Цяпер каранавірус і не хочацца кудысьці ездзіць, пакуль граем у Гродне. Заробкі на вуліцы залежаць у асноўным ад надвор’я. Мы плануем выходзіць на выхадных, каб не надакучваць гродзенцам».

Музыкі плануюць выходзіць на Савецкую па выхадных

Антон, Ілля і Ганна граюць папулярную музыку, музыку з фільмаў. Пакуль рэпертуар невялікі.

«Гродзенцы ставяцца да нас вельмі станоўча. Спыняюцца, дзякуюць, паказваюць пальцы ўверх і кажуць, што баян з шансонам ім ужо надакучыў. Просяць выходзіць часцей. Што тычыцца канкурэнтаў, то ў нас у горадзе іх няшмат. Ёсць нядрэнны калектыў з трох чалавек і яшчэ хлопец грае на стылізаваным старадаўнім інструменце. Мы думаем, месца ўсім хопіць на вуліцы», — кажа Антон.

Чытайце таксама:

Рэпарцёр, фатограф, краязнаўца. Самы хуткі журналіст Гродна на ровары. Руслана і яго ровар ведаюць многія гараджане: ад чыноўнікаў да бамжоў. Падчас службы ў войску быў разведчыкам, а цяпер даказвае, што выведнік былым не бывае. Працуе ў Hrodna.life з 2013 года, калі сайт яшчэ працаваў пад брэндам «Твой стыль». У канцы 2018 выдаў кнігу «Горад адзін, успаміны розныя», дзе сабраў успаміны гродзенцаў пра 1930−40-я гады.