За чэрвень 2020 года золатавалютныя рэзервы выраслі на 916,4 млн долараў ЗША (на 11,6 адсотка) пасля зніжэння ў траўні на 3,7 млн Долараў ЗША (на 0,05 адсотка), паведамляе Нацбанк.
Міжнародныя рэзервовыя актывы Рэспублікі Беларусь на 1 ліпеня 2020 года, паводле папярэдніх дадзеных, склалі 8 795,7 млн долараў ЗША (у эквіваленце).
Асноўным фактарам росту ўзроўню золатавалютных рэзерваў у чэрвені Нацбанк назваў паступленні ад размяшчэння Міністэрствам фінансаў еўрааблігацый. Таксама павелічэнню рэзерваў спрыяў рост кошту манетарнага золата.
У чэрвені Беларусь размясціла два выпускі еўрааблігацый на агульную суму 1,25 млрд долараў. Грошы былі патрэбныя для рэфінансавання дзярпазыкі. Аблігацыі з пагашэннем ў лютым 2026 года размешчаны на 500 млн даляраў, паперы з пагашэннем у лютым 2031 года — на 750 млн долараў.
У чэрвені 2020 года ўрадам і Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь выканана знешніх і ўнутраных абавязацельстваў у замежнай валюце на суму каля 287 млн долараў ЗША.
Фінансавыя прагнозы
Згодна з Асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2020 год аб’ём міжнародных рэзервовых актываў на 1 студзеня 2021 года павінен скласці не менш за 7,3 млрд долараў ЗША.
У сваю чаргу міжнароднае рэйтынгавае агенцтва Fitch Ratings прагназавала, што ўзровень рэзерваў да канца года апусціцца ніжэй за ўзровень, які чакаюць улады, адзначае «Радыё С**бода». Згодна з прагнозам Fitch, беларускія рэзервы да канца года складуць $ 7,1 млрд. На думку аналітыкаў агенцтва, зніжэнне рэзерваў будзе абумоўлена пагашэннем Беларуссю дзяржаўнай пазыкі і больш нізкім аб’ёмам куплі валюты на ўнутраным рынку Нацыянальным банкам у параўнанні з папярэднімі гадамі.