Дзесяць краін-партнёраў Еўрасаюза, якія не ўваходзяць у яго склад, атрымаюць 3 млрд еўра на барацьбу з эканамічнымі наступствамі пандэміі каранавіруса, паведамляецца на афіцыйным сайце Еўракамісіі. Беларусь папросіць крэдыт у Міжнародным банку рэканструкцыі і развіцця тэрмінам на 11 гадоў.

Найбольшую суму выдзеляць Украіне. Колькі атрымаюць партнёры Еўрасаюза:

  1. Рэспубліка Албанія 180 млн еўра;
  2. Боснія і Герцагавіна 250 млн еўра;
  3. Грузія 150 млн еўра;
  4. Каралеўства Іарданія 200 млн еўра;
  5. Косава 100 млн еўра;
  6. Рэспубліка Малдова 100 млн еўра;
  7. Чарнагорыя 60 млн еўра;
  8. Рэспубліка Паўночная Македонія 160 млн еўра;
  9. Рэспубліка Туніс 600 млн еўра;
  10. Украіна 1,2 мільярда еўра.

«Падтрымка нашых суседзяў вельмі важная ў гэты крызісны час для падтрымання стабільнасці ўсяго рэгіёну. У рамках глабальнага адказу ЕС на пандэмію каранавіруса мы павінны дапамагчы суседнім краінам змякчыць найгоршыя наступствы для эканомікі», — заявіў выканаўчы віцэ-прэзідэнт па эканоміцы ЕС Валдзіс Дамброўскіс.

Камісар па эканоміцы Паола Джэнцілоні заклікаў Еўрапейскі парламент і Савет аператыўна ўзгадніць гэты пакет мер.

Мяркуецца, што грошы будуць выдзелены краінам-партнёрам ЕС у чацвёртым квартале 2020 года-пачатку 2021 года.

Як Беларусь будзе змагацца з каранакрызісам?

90 млн еўра ў якасці пазыкі мае намер прыцягнуць Беларусь у Міжнародным банку рэканструкцыі і развіцця (МБРР) «тэрмінам на 11 гадоў для фінансавання мерапрыемстваў па экстраным рэагаванні на эпідэміялагічную сітуацыю». Пра гэта сказана ў пастанове ўрада, апублікаванай у суботу 25 красавіка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Згодна з дакументам, весці перамовы па пагадненні упаўнаважана Міністэрства аховы здароўя з магчымасцю ўнясення ў яго непрынцыповых зменаў.

Раней беларускія ўлады заяўлялі пра падрыхтоўку пакета мераў падтрымкі эканомікі ва ўмовах спаду. Агульная сума сродкаў на першым этапе барацьбы з наступствамі крызісу павінна скласці 110 мільёнаў рублёў.

Чытайце таксама: Лукашенко одобрил первый пакет мер по поддержке экономики и соцсферы

Пра магчымы рост беспрацоўя прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка выказаўся так: «Але трэба ж разумець, што сітуацыя такая. Увесь свет спыніўся, не наша віна. Трэба дзесьці папрацаваць два-тры месяцы і на нялюбай працы, каб пракарміць сябе і сваю сям’ю» (цытата паводле CTV).