Рынак нерухомасці ўжо паспеў адрэагаваць на рост курсу долара і сітуацыю з каранавірусам. Як вынік – у значнай колькасці скасоўваюцца папярэднія дамовы куплі-продажу, здзелкі не здзяйсняюцца. REALTY.TUT.BY даведаўся ў экспертаў падрабязнасці таго, што адбываецца на «другасным рынку», і спытаў, што можа быць далей.

Масавыя адмовы ад здзелак. І гэта толькі пачатак?

Агенцтвы нерухомасці першымі заўважаюць найменшыя ваганні і змены на рынку, паколькі наўпрост працуюць з прадаўцамі і пакупнікамі жылля. Звычайна перад здзелкай паміж бакамі падпісваецца папярэдні дагавор – умоўная гарантыя таго, што кватэра нікуды не сыдзе, пакуль пакупнік, напрыклад, будзе афармляць крэдыт, а прадавец дачакаецца і не будзе шукаць новага кліента. Дык вось цяпер, на фоне курсу долара і не толькі, гэтыя дамовы сталі скасоўвацца.

– З-за курсавай розніцы адносіны «прадавец – пакупнік» сталі напружанымі, – кажа дырэктар агенцтва нерухомасці «БелЦТН» і ганаровы старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя “Нерухомасць” Мікалай Прасталупаў. – Кватэры былі выстаўленыя на продаж у рублях па адной велічыні, а так як мы ўсё ж такі на рынку доларавым працуем, то прадаўцы пералічваюць кошты па новым курсе і прапануюць пакупнікам плаціць ужо іншыя грошы. Пакупнікі ж адмаўляюцца, паколькі бралі крэдыт у банку ў рублях, а на курсавай розніцы да ўгоды даводзіцца накідваць яшчэ 2-3 тысячы долараў. А прадаўцу нецікава губляць гэтыя грошы.

І справа не ў прагнасці, кажа Мікалай Прасталупаў і дадае, што ў нас 80% прадаўцоў купляюць нешта наўзамен. Гэта ў асноўным ланцужковыя здзелкі, і ў такой сітуацыі проста ніхто не хоча і не збіраецца губляць на курсавай розніцы.

Намеснік генеральнага дырэктара Нацыянальнага кадастравага агенцтва Дзяржкамітэта па маёмасці Беларусі, эксперт Дзмітрый Рытвінскі тлумачыць тое, што адбываецца на рынку, так:

– Такіх абставінаў, у якіх пачынае функцыянаваць рынак нерухомасці, у нас яшчэ не было: усе форс-мажоры ў адным флаконе – як унутраныя, так і знешнія: вірус, у тым ліку інфармацыйны, падзенне сусветных фінансавых рынкаў, нафтавыя і гандлёвыя войны, закрыццё межаў, эмоцыі… На фоне ўсяго гэтага ўзнікае нявызначанасць. А чалавек не любіць жыць у нявызначанасці, бо яна заўсёды выклікае трывогу, страх, перажыванні за заўтрашні дзень – усё гэта вельмі дыскамфортна. І патрэбен час, каб прывыкнуць да новай рэальнасці і зразумець, як у ёй жыць і працаваць.

Прымаць рацыянальныя рашэнні ў такой сітуацыі, кажа эксперт, заўсёды становіцца больш складана. Таму не выключана, што шмат хто вырашыць адкласці куплю нерухомасці.

– І ня важна, за свае ці за даступныя пакуль пазыковыя грошы. Эмацыйна пакупніку вельмі цяжка ў такім становішчы прымаць цяпер рашэнне аб куплі нерухомасці, аб крэдытах: няма дакладнага адказу на пытанне, што ж будзе далей.

Ёсць усе перадумовы да зніжэння коштаў на жыллё?

У сітуацыі, якая склалася, сцэнарыяў можа быць некалькі, кажа Дзмітрый Рытвінскі.

– Калі не ўдавацца ў дэталі, то больш верагодна ў дадзенай сітуацыі – змяншэнне колькасці здзяйсненых здзелак, фіксацыя «цэнавага плато» на нейкі перыяд, так як прадаўцы не гатовыя будуць хутка эмацыйна прыняць новую рэальнасць, а пакупнікі – купляць і прыняць той факт, што нерухомасць раптам стала даражэйшай для іх толькі з-за змяненняў курсаў. Бо рынак усё яшчэ намінаваны і эмацыйна прывязаны да замежнай валюты, а прыбыткі ў большасці ніяк не змяніліся, а ў некаторых, магчыма, і зменшыліся.

Затым рушыць услед коштавая карэкцыя са зніжэннем па ўсіх сегментах рынку нерухомасці. Вядома, гэта не адбудзецца за адзін месяц. Скарачэнне колькасці здзелак, хутчэй за ўсё, мы будзем назіраць ужо па выніках сакавіка, кажа Зміцер Рытвінскі.

А вось каб адрэагаваць на новыя абставіны ў коштавым аспекце, рынку нерухомасці спатрэбіцца нейкі час, магчыма, месяцы. Пры гэтым усё паказвае на тое, што цэны на жыллё будуць зніжацца.

– Як глыбока ўніз пойдзе коштавая карэкцыя? Многае залежыць у тым ліку ад міжнароднай абстаноўкі і ўнутранай крэдытна-грашовай палітыкі ў бліжэйшыя месяцы: як хутка ўляжацца паніка з вірусам, што будзе з фінансавымі рынкамі, чым скончацца нафтавыя і гандлёвыя войны, ці застануцца даступнымі крэдыты па разумных стаўках, якая будзе зменлівасць курсу рубля да кошыку валют і гэтак далей.

Апошнія амаль 2,5 года, кажа эксперт, рынак кватэр у Мінску знаходзіўся ў стадыі росту, апярэджваючы пры гэтым і рост рэальных заробкаў, і эканамічных паказчыкаў.

– Таму пытанне запавольвання росту коштаў на жыллё і цэнавай карэкцыі было ўжо пытаннем бліжэйшага часу, а тут яшчэ з’явіліся новыя негатыўныя акалічнасці.

– Што рабіць людзям, якія хацелі зараз вырашаць жыллёвае пытанне?

– Кожны павінен прымаць уласнае рашэнне, зыходзячы з жыццёвых абставінаў, наяўных магчымасцяў, перспектыў і інфармацыі. У бліжэйшыя тыдні, я думаю, ва ўсіх удзельнікаў рынку наступіць рэжым чакання і асэнсавання новай рэальнасці.

Задай пытанне, дашлі заўвагу або прапануй тэму