Затрыманы 3 ліпеня ў Мастах Аляксандр Мілюк знаходзіцца зараз у шпіталі. Актывіст ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай захварэў на каранавірус. Пакуль невядома, ці міліцыя складала нейкі пратакол у дачыненні да Мілюка, паведамляюць праваабаронцы.
За што яго затрымалі?
Сябра ініцыятыўнай группы Святланы Ціханоўскай Аляксандр Мілюк з Мастоў вяртаўся 3 ліпеня дадому з сынам. На відэа, якое здымаў сам Аляксандр, бачна, што да яго падышоў мужчына і пачаў патрабаваць грошы, штурхаць Аляксандра Мілюка і нецэнзурна выказвацца ў яго адрас. Хутка пад’ехала міліцыя і затрымала і мужчыну, і Аляксандра.
Міліцыя паведаміла Hrodna.life, што супрацоўнікі ДАІ Мастоўскага РАУС убачылі рукапрыкладства і для разбору абодва грамадзяніна былі дастаўлены ў Мастоўскі РАУС. У дачыненні да іх распачаты адміністрацыйны працэс па артыкуле 17.1 КоАП Рэспублікі Беларусь — «Дробнае хуліганства».
Актывісты пазналі нападніка. Гэта Валянцін Журоўскі з вёскі Пескі. Праваабаронцы ацэньваюць дзеянні мужчыны, які патрабаваў грошы і лаяўся, як правакацыю. 3-га ліпеня па Беларусі затрымалі 17 чалавек.
У затрыманага — каранавірус
Пасля затрымання Мілюку стала кепска, міліцыя хацела завезці яго ў ізалятар, але выкліканыя лекары не дазволілі гэта зрабіць. У шпіталі зрабілі два тэсты на COVID, абодва далі станоўчы вынік.
Аляксандр Мілюк дапускае, што ён мог заразіцца 26 чэрвеня, калі яго таксама затрымала міліцыя. Тады яго прымусова завезлі ў шпіталь на медагляд. Ён быў бяз маскі.
У жонкі Мілюка таксама ўзнялася тэмпэратура і ёсць сімптомы каранавірусу. Вынікаў яе тэсту пакуль няма.