Электрамеханік з гродзенскага прадпрыемства Аляксандр Хлябіч у 11.00 у адзіны дзень галасавання 25 лютага дэманстратыўна парваў выдадзеныя яму тры бюлетэні. Ён зрабіў гэта на ўчастку для галасавання ў адной са школ Гродна пры членах камісіі, назіральніках, валанцёрах і выбаршчыках.

Мужчыну судзілі 8 красавіка ў судзе Ленінскага раёна Гродна. Суд палічыў, што Аляксандр парушыў арт.52 Выбарчага кодэкса «Правядзенне галасавання на ўчастку для галасавання» і арт. 10.9 КаАП «Парушэнне заканадаўства аб выбарах, рэферэндуме, рэалізацыі права заканадаўчай ініцыятывы грамадзян».

Хлябіча аштрафавалі на 15 базавых велічынь (600 рублёў).

Што за выбары праходзілі ў адзіны дзень галасавання

Мясцовыя і парламенцкія выбары 2024 года прайшлі без апазіцыйных і альтэрнатыўных кандыдатаў і незалежных назіранняў. На ўчастках усталявалі трывожныя кнопкі. АМАП быў гатовы выехаць пасля яе націску. Многія праграмы кандыдатаў былі напісаныя як пад капірку. Дэпутатаў можна было прадказаць задоўга да абрання.

Чытайце таксама: Праверце пасля выбараў. Склалі верагодны спіс дэпутатаў па Гродзенскай вобласці