Сябра ініцыятыўнай группы Святланы Ціханоўскай Аляксандр Мілюк з Мастоў вяртаўся дадому з сынам. Да яго падышоў мужчына і пачаў патрабаваць нейкія грошы, штурхаць Аляксандра Мілюка і нецэнзурна выказвацца ў яго адрас. Аляксандр Мілюк вёў відэазапіс таго, што адбываецца, на тэлефон, паведамляюць праваабаронцы.

У хуткім часе пад’ехала міліцэйская машына. Аляксандр Мілюк прасіў засцерагчы яго ад дакучлівых прыставанняў невядомага мужчыны. Але міліцыя затрымала і самога Аляксандра. Яго даставілі ў ІЧУ і пакінулі да суда, які адбудзецца ў панядзелак у Скідзеле.

Таксама праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што раніцай 3 ліпеня сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай са Скідзеля Яўген Клімук быў выкліканы ў РАУС, а паздней змешчаны ў ІЧУ. Некалькі дзён таму ў яго канфіскавалі аўто і тэлефон за язду на машыне са сцягам, а сёння вырашылі «закрыць» за гэта ж правапарушэнне, прад’явіўшы арт. 23.34 КаАП. У ІЧУ ён прабудзе да панядзелку.

Што кажа міліцыя?

3 ліпеня супрацоўнікі ДАІ Мастоўскага РАУС неслі службу па ахове грамадскага парадку. Праязджаючы па вуліцы Савецкай, экіпаж запрыкмеціў канфлікт паміж двума грамадзянамі. Сітуацыя суправаджалася рукапрыкладствам.

Для разбору абодва грамадзяніна былі дастаўлены ў Мастоўскі РАУС. У дачыненні да іх распачаты адміністрацыйны працэс па артыкуле 17.1 КоАП Рэспублікі Беларусь — «Дробнае хуліганства», расказаў афіцыйны прадстаўнік УУС Гродзенскага аблвыканкама Яўген Дудко. Сына амаль адразу аддалі маці.

У Беларусі затрымалі 17 чалавек

Агулам 3 ліпеня па ўсёй Беларусі было затрымана мінімум 17 чалавек. У розных сацыяльных сетках людзей заклікалі выйсці на галоўныя вуліцы гарадоў і выказаць нязгоду з тым, як праходзіць выбарчая кампанія ў Беларусі. Міліцыя пачала затрымліваць людзей.