Вечарам 20 чэрвеня ў Слоніме жыхары горада прыйшлі да будынку Слонімскага цэнтра культуры і адпачынку. Маладыя людзі выстраіліся ланцужком, стаялі і размаўлялі, а праз 40−50 хвілін да іх пад’ехалі тры міліцэйскія машыны, распавядае «Газета Слонімская».
У міліцыю іх не забралі, распавяла адна з затрыманых. Верагодна, таму што яны былі спакойныя і не рабілі нічога супрацьзаконнага.
— Проста сустрэліся з сябрамі ў цэнтры горада, стаялі і размаўлялі. Што ў гэтым дрэннага? Аказваецца, міліцыянты палічылі гэта за несанкцыянаваную акцыю, хоць мы не скандавалі, у ладкі не пляскалі. Шчыра кажучы, я нават не ведала, што з-за гэтага могуць забраць у міліцыю і прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці. Я не думала, што міліцыя можа прыехаць, але, як аказалася, такое ў Беларусі магчыма. Становіцца страшна, што нельга ў цэнтры горада пастаяць і пагутарыць з сябрамі, — распавяла затрыманая.
У сераду ў РАУС пройдзе суд.
У Гродне акцыі салідарнасці адбыліся 20 і 21 чэрвеня. 20 чэрвеня затрымалі Дзяніса Рудзевіча, блогера з Ліды, які рабіў стрым для Youtube-канала «Страна для жизни». На яго склалі пратакол на арт.22.9 КоАП і ў той жа дзень адпусцілі. 21 чэрвеня затрымалі Яўгена Амплеева, актывіста з ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Яго лёс пакуль невядомы.