19 чэрвеня блізу 15 гадзіны Тэлеграм-канал «Краіна для жыцця» («Страна для жизни»), які належаў Сяргею Ціханоўскаму, узламалі невядомыя.

Спачатку з канала сталі актыўна выдаляць ранейшыя допісы і ўдзельнікаў, пасля назва змянілася на «РаЗАм», пазней ён стаў недаступны.

Тэлеграм-канал «Краіна для жыцця» ўзламалі
Скрыншот з тэлеграм-канала «Горячие новости»

Слоган і лагатып належаць БРСМ. Зараз пры спробе зайсці з’яўляецца надпіс «Канал недасяжны, бо парушыў правілы Telegram». Канал меў блізу 50 тысяч падпісантаў.

Тэлеграм-канал «Краіна для жыцця» ўзламалі

Паводле папярэдняй інфармацыі карыстальнікаў, канал узламалі праз акаунт Сяргея Ціханоўскага.

Зараз Ціханоўскі заключаны пад варту. Яго і яшчэ сем затрыманых на пікеце ў Гродне вінавацяць у «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак» (ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса). Гэты артыкул прадугледжвае штраф, арышт, абмежаванне або пазбаўленне волі на тэрмін да 3 гадоў. Расследаванне праходзіць у рамках крымінальнай справы аб гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

Паводле незарэгістраванага праваабарончага цэнтра «Вясна», на Сяргея Ціханўскага заведзеная яшчэ адна крымінальная справа — паводле арт. 191 Крымінальнага кодэкса Беларусі за перашкоду дзейнасці ЦВК. Скаргу на яго ў Следчы камітэт падала Лідзія Ярмошына, старшыня ЦВК. У дзеяннях блогера на пікеце па зборы подпісаў за вылучэнне яго жонкі, Святланы Ціханоўскай, у кандыдаты на прэзідэнцкія выбары, Лідзія Ярмошына пабачыла пагрозу дляя сябе.

Чытайце таксама: «Дзеці або далейшая барацьба». Святлана Ціханоўская атрымлівае званкі з пагрозамі

Што адбылося ў Гродне ў дзень візіта Ціханоўскага?

У Гродне затрымалі палітычных актывістаў. Увечары 29 траўня на пікеце падчас збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую адбыўся інцыдэнт, у выніку якога блогера Сяргея Ціханоўскага і некаторых яго прыхільнікаў затрымала міліцыя. Сярод затрыманых — сябра ініцыятыўнай групы Дзмітрый Фурманаў. Удзельніцу верагоднай правакацыі супраць Ціханоўскага апазналі ў сацсетках.

Затрыманні працягнуліся на наступны дзень. 30 траўня затрымалі актывіста Мікалая Саляніка, які днём раней вёў перамовы з кіраўніцтвам міліцыі і спрабаваў даведацца, за што быў затрыманы і дзе знаходзіцца Ціханоўскі. Праваабарончы цэнтр «Вясна» склаў спіс затрыманых у Гродне. Частку з іх перавезлі ў Мінск.

Гэта не спыніла ініцыятыўную групу Ціханоўскай. Афіцыйна было заяўлена, што падчас інцыдэнту пацярпеў міліцыянт. Узбуджаная крымінальная справа па факце гвалту ў адносінах да супрацоўнікаў органаў унутраных справаў. Нягледзячы на ​​гэта, на наступныя дні да пікету Святланы Ціханоўскай выстраіліся чэргі — людзі стаялі, каб аддаць подпіс, нават пад дажджом.

Праваабаронцы прызналі Сяргея Ціханоўскага і іншых затрыманых у Гродне палітычнымі вязьнямі.

У выніку пад удар патрапілі і выпадковыя людзі. Увечары 29 траўня ў сацсетках пачалося цкаванне выпадковага чалавека, якога прынялі за супрацоўніка органаў у цывільным, які ўдзельнічаў у затрыманні ў Гродне. У дзяржаўных СМІ з другога боку пачалося цкаванне 81-гадовай пенсіянеркі Галіны Філіпаўны, якая падчас стрыму з Савецкай плошчы выказалася супраць Лукашэнкі і ў падтрымку Ціханоўскіх. Пенсіянерку Станіславу Дамшэль, якая 29 траўня таксама была на Савецкай, абвінавацілі ў дробным хуліганстве, але яна не пусціла міліцыю да сябе дадому. Выпадковыя людзі былі і сярод затрыманых на плошчы.

Чытайце таксама:
У Мінску ўздоўж цэнтральнага праспекта стварылі ланцуг салідарнасці: акцыя доўжылася амаль сем гадзін

«Намякнулі, што могуць забраць дзіця». Гродзенка, мужа якой затрымалі з Ціханоўскім, паведаміла пра ціск