Чарговы караван гуманітарнай дапамогі для барацьбы з эпідэміяй COVID-19 прыбыў з Польшчы ў Гродна 5 чэрвеня. Гэта ўжо другі груз, які перадалі палякі ў Беларусь за апошнія два месяцы.
Караван з 40 фур з 300 тонамі тэхнікі і сродкаў абароны прывёз у Беларусь маскі, лекі, тэсты на каранавірус, сродкі індывідуальнай абароны, а таксама апараты ШВЛ. У Гродне разгрузілі толькі частку гуманітарнай дапамогі агульным коштам 809 200 рублёў. Астатнюю частку дапамогі адвязуць у гарады Гродзенскай вобласці і Мінск.


Гэта найбуйнейшая партыя гуманітарнай дапамогі ў гісторыі сучаснай Польшчы, падкрэсліў дзяржсакратар канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы Міхал Дворчык.
Гуманітарную дапамогу для Беларусі прадастаўляе Міністэрства аховы здароўя, Агенцтва матэрыяльных рэзерваў, Агенцтва прамысловага развіцця і польскі вытворца лекаў TZF Polfa S.A.
Пасярэднікам выступае Фонд міжнароднай салідарнасці. Даставіць груз у Беларусь дапамаглі польскія пажарныя, паліцыя і памежнікі.
Першая партыя гуманітарнай дапамогі Польшчы ў Беларусь была адпраўлена 24 красавіка. Тады прывезлі дэзінфікуючыя сродкі (50 тыс. л), антысептыкі (30 тыс. л) і хірургічныя маскі (100 тыс. штук), неабходныя для барацьбы з распаўсюджваннем эпідэміі COVID-19.
Паводле афіцыйных звестак Міністэрства аховы здароўя, па стане на 11 лютага ў Беларусі пацверджана 263 551 выпадак каранавіруса (1692 за апошнія суткі), ачунялі і выпісаны 252 068 (1990 за апошнія суткі) пацыентаў, памёрлі 1820 чалавек (9 за апошнія суткі).