Гісторык з Гродна Алесь Смалянчук стаў пераможцам прэміі Багушэвіча за кнігу «Раман Скірмунт (1868 — 1939): жыццяпіс грамадзяніна Краю», прысвечаную прэм’еру БНР і лідару правага крыла ў яе кіраўніцтве, паведамляе Беларускі ПЭН-цэнтр.

Алесь Смалянчук збіраў матэрыялы пра Скірмунта каля 20 гадоў. Вынікі даследвання занялі 700 старонак.

«Раман Скірмунт — гэта асоба, якая не ўпісваецца ні ў савецкі, ні ў нацыянальны наратыў беларускага Адраджэння і гісторыі БНР. Пры гэтым яго дзейнасць была часткай беларускага руху. Мяне зацікавіла, як землеўласнік і прадпрымальнік, адзін з ідэолагаў „краёвай ідэі“, што сфарміравалася ў асяродзі супольнасці палякаў Беларуска-Літоўскага краю, далучыўся да сацыяльна (сацыялістычна) арыентаванага беларускага руху. Біяграфія Скірмунта падштурхоўвае да істотнага перасэнсавання гісторыі беларускага Адраджэння і не толькі яго», — казаў Hrodna.life гісторык.

Алесь Смалянчук — доктар гістарычных навук. Аўтар некалькіх кніг, болей як сотні навуковых публікацыяў, рэдактар гадавіка антрапалагічнай гісторыі «Homo Historycus», альманаха «Горад Святога Губерта», навуковы кіраўнік онлайн-праекта «Беларускі архіў вуснай гісторыі», адзін з кіраўнікоў навуковага праекта па сацыяльнай гісторыі «Гарадзенскі Палімпсест» ды інш. Лаўрэат дыплома Беларускага гістарычнага таварыства «За лепшую навуковую кнігу па гісторыі Беларусі ў 2000—2001 гг.».

Пераможцу абвесцілі сябра Рады Беларускага ПЭНа Уладзімір Арлоў і першая намесніца старшыні Таццяна Нядбай. Гэта найлепшая беларуская кніга на гістарычную тэматыку 2019 года (па версіі Рады Беларускага ПЭНа).

Прэмія імя Францішка Багушэвіча — штогадовая літаратурная прэмія, заснаваная ў 1994 годзе. Традыцыйна ўручаецца за выдатную гістарычную прозу аўтарам кніг, што спрыяюць абуджэнню гістарычнай свядомасці і нацыянальнай незалежнасці чытачоў. Пераможцамі прэміі станавіліся і іншыя гродзенцы: Алесь Краўцэвіч, Святлана Марозава і Васіль Герасімчык.