Па стане на 2 чэрвеня ў Беларусі афіцыйна пацвердзілі 44 255 выпадкаў каранавіруса, паведамляе Міністэрства аховы здароўя. Ачунялі і выпісаныя 19 195 пацыентаў, 243 чалавекі з выяўленым раней COVID-19 памерлі.

За апошнія суткі дыягнаставалі 852 новыя выпадкі COVID-19, па афіцыйных дадзеных памерлі 3 чалавекі, 419 пацыентаў ачунялі і былі выпісаныя.

З пачатку распаўсюджвання каранавіруса ў Беларусі праведзена 562 945 тэстаў, з іх за апошнія суткі - 9568, сярод якіх 8,9% выявіліся станоўчымі.

Галоўны пазаштатны інфекцыяніст Гродзенскай вобласці Уладзімір Цыркуноў паведаміў 1 чэрвеня тэлеканалу «Гродна Плюс«, што ў нашай вобласці жыве 11% ад усіх, хто захварэў на каранавірус ў Беларусі. Паводле дадзеных на 1 чэрвеня гэта было каля 4774 чалавек. Паводле слоў спецыяліста, у вобласці яшчэ не выйшлі на плато, бо колькасць інфікаваных кожны дзень павялічваецца. Але выбуханебяспечнага росту ў нас няма, як у іншых рэгіёнах і краінах, сказаў Уладзімір Цыркуноў. Выхад на плато ён прагназуе летам.

Дакладныя дадзеныя статыстыкі захворвання і смяротнасці па абласцях Міністэрства здароўя апошні раз агучвала 24 красавіка.

Акрамя таго, 1 чэрвеня медыкі паведамілі, што ў Беларусі зарэгістравана 3600 дзяцей з станоўчым тэстам на коронавирус.

Хроніка каранавіруса ў Гродне