«Адчыняць [труну] нельга было, бо ён нават не апрануты. Ён у пакеце», — жонка Леаніда Мількоўскага зь Ліды плача ў тэлефон, >піша «Радыё С**бода». Хвароба ў мужа пачыналася як прастуда. Праз тры тыдні ён памёр. Па дакумэнтах, прычына сьмерці — COVID-19.
Леаніду Мількоўскаму было 36. У яго засталіся жонка і трое дзяцей ад 3 да 10 гадоў. Працаваў эканамістам у невялікай фірме. У Лідзе ходзяць чуткі, што памёр таксіст, але з гэтай сфэры Леанід даўно сышоў.
Дзе ён мог падчапіць каранавірус, родныя дакладна ня ведаюць. Жонка падазрае, што гэта магло здарыцца ўжо ў шпіталі. Толькі трэці тэст на каранавірус паказаў станоўчы вынік.
«Няма нармальнай ізаляцыі людзей. Усе перамяшаныя. Хворыя ляжаць са здаровымі. Ніхто нічога ня ведае. Тэсты робяць кепска, ня робяць своечасова… Там усё мяшана-перамяшана», — кажа Вольга Мількоўская.
Яна па перапісцы з мужам дакладна аднаўляе падзеі апошніх трох тыдняў. Упершыню Леаніду стала кепска 19 красавіка, у нядзелю. Тэмпэратура паднялася трохі за 37 градусаў, крыху кашляў. 20 красавіка ў паліклініцы яму праз прастуду адкрылі бальнічны і накіравалі дахаты.
23 красавіка Леаніду трэба было ісьці ў паліклініку на прыём. Тэмпэратура паднялася да 38 градусаў. Тэрапэўт прыйшла дадому, прызначыла мацнейшы антыбіётык і сказала прыйсьці на наступны дзень у паліклініку працягнуць бальнічны ў загадчыка.
24 красавіка здымак выявіў пнэўманію. У той жа дзень Леаніда паклалі ў лідзкі шпіталь, у інфэкцыйнае аддзяленьне. Узялі тэст на каранавірус.
На выходных толькі раз на дзень ставілі кропельніцы па 5 хвілін.
27 красавіка, па словах жонкі, да яго першы раз прыйшоў лекар. Увечары яго «паклалі пад кісларод» — не пад апарат ШВЛ, а лягчэйшы варыянт.
28 красавіка зайшоў дзяжурны лекар, супакоіў, што «так бывае» і «ўсё будзе добра».
29 красавіка прыйшоў першы адмоўны тэст на каранавірус. Стан пагоршыўся, стаў падаць кісларод у крыві. Мужчыну перавялі ў лідзкую радзільню, якая цяпер часткова перапрафіляваная пад прыём ковідных пацыентаў.
«У 10:20 ён мне напісаў, што яго пераводзяць у раддом. Да 11:50 ён сядзеў, чакаў хуткую, пакуль яго перавязуць. Кепска яму было, кісларод падаў… Ехаў на заднім сядзеньні хуткай дапамогі», — плача Вольга.
У 13:23 29 красавіка Леаніда перавялі ў рэанімацыю, па хвілінах аднаўляе карціну хваробы жонка.
Амаль тыдзень мужчына ляжаў у рэанімацыі, яго ўвялі ў штучную кому. Сувязі са сваякамі ўжо не было.
3 траўня прыйшоў станоўчы вынік тэсту на каранавірус.
Наколькі ведаюць сваякі, пераліваньне крыві мужу да апошняга не рабілі. Замовілі плязму з антыцеламі толькі за дзень да сьмерці, калі пайшла адмоўная дынаміка, упаў ціск у лёгкіх. Як лекары казалі сваякам, пераліваньне рабілі ў ноч перад сьмерцю.
«Сказалі, што ў апошні дзень нібыта спрабавалі. Мы ім казалі штодня. А яны ўсё: „Рана — чакайце, рана — чакайце, рана — чакайце“», — плача Вольга.
Ноччу 7 траўня Леанід памёр.
«Дзяцей абажаў. Колькі мы разам жывём, ніколі мне слова кепскага не сказаў. Заўсёды поплеч. Такіх мужоў пашукаць. Ня піў, не курыў. Нават ня памятаю, каб калі на яго злавалася», — расказвае Вольга.
«Ён сябе адчуваў добра», — апісвае агульны стан мужа падчас хваробы да рэанімацыі жонка.
Мужчына быў здаровы, да лекараў не зьвяртаўся, толькі зубы лячыў, меў пустую мэдычную картку.
«Мне здаецца, гэта ўпусьціла „інфэкцыя“ [інфэкцыйнае аддзяленьне шпіталя] адразу, ніхто не прыходзіў. Чаму, калі яго ў шпіталь прывезьлі, ніякіх лекараў не паклікалі? Мэдсёстры прыходзілі, кропельніцу паставілі. Пыталіся, што ўкалолі. — „Для здароўя“», — расказвае Вольга.
Сваякі былі гатовыя купіць і прывезьці патрэбныя лекі, аднак у шпіталі ім не казалі, што трэба.
Тэмпэратура ў Леаніда за ўвесь гэты час, наколькі ведае жонка, падымалася не вышэй за 38,8. Да рэанімацыі ён верыў, што неўзабаве ачуняе. Калі перавялі ў радзільню, стала лягчэй.
«Ну што ў нас „інфэкцыя“ [інфэкцыйнае аддзяленьне шпіталя]? Будынак стары, палаты малыя, вокны страшныя. Там ні дыхаць, нічога немагчыма. А ў раддоме, кажа, яму і дыхаць лягчэй было. Там паветра іншае, вокны адчыніць можна было. Я і падумаць не магла, што так будзе», — словы суразмоўніцы ўвесь час перарывае плач.
Колькасьць пацыентаў з COVID-19 са словаў мужа Вольга акрэсьлівае як «шмат» і «усё закладзена».
Кватэру і пад’езд, дзе жыве сям’я, апрацавала санстанцыя. У жонкі і дзяцей узялі тэсты. Праўда, адразу на малодшага тэст не ўзялі, нібыта не запісалі яго ў сьпісы. Па выніку ні ў кога інфэкцыі не знайшлі.
«Далі паперкі падпісаць, што мы сядзім дома. Мне і дочкам да 7 чысла, сыну — да 8 чысла. Для чаго гэта? Навошта?», — не разумее Вольга.
8 траўня Леаніда пахавалі. Перад гэтым вазілі ў Горадню на ўскрыцьцё.
Нягледзячы на небясьпечны дыягназ, на пахаваньне прыехала шмат людзей. Не пабаяліся ні далёкія сваякі, ні сябры. У рытуальным бюро сказалі пра захады бясьпекі. Міліцыя не суправаджала пахаваньне і не кантралявала, ці выконваюцца захады бясьпекі. Вольга кажа, што кожны сам адказна паставіўся да гэтага.
«Адчыняць нельга было, бо ён нават не апрануты. Ён у пакеце», — успамінае з плачам Вольга.
Падчас паніхіды людзі маліліся ў касьцёле, а труна стаяла на вуліцы.
Цяпер штодня жонка езьдзіць на могілкі. Зьбіраецца зь сіламі, каб завезьці туды дзяцей. Найцяжэй старэйшаму, 10-гадоваму сыну. Як даведаўся пра сьмерць таты, крычаў на ўвесь дом, клікаў яго.
Паводле афіцыйных звестак Міністэрства аховы здароўя, па стане на 11 лютага ў Беларусі пацверджана 263 551 выпадак каранавіруса (1692 за апошнія суткі), ачунялі і выпісаны 252 068 (1990 за апошнія суткі) пацыентаў, памёрлі 1820 чалавек (9 за апошнія суткі).
Новы сувенір у выглядзе "раскладанкі" са знакавымі аб'ектамі Гродна ствараюць улады. Яго выканаюць у выглядзе…
Некалькі сотняў Дзядоў Марозаў, Снягурак, сабачак, вавёрачак і разнастайных іншых персанажаў 20 снежня прайшлі ад…
Трохпакаёвая кватэра знаходзіцца на вуліцы Савецкіх Пагранічнікаў. Сцены ў ёй абвешаныя рэпрадукцыямі, дзвярныя праёмы выкананы…
Спецыяльнае праграмнае забеспячэнне для сачэння за актыўнасцю ў камп'ютарах закупляе Гродзенскае агенцтва па дзяржаўнай рэгістрацыі…
У Гродне рэканструююць тэрыторыю, прылеглую да вадаёма па вул. Рэпіна. Там жа ўладкуюць дзіцячую інклюзіўную…
У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная мясцоваму ўраджэнцу мастаку Льву Баксту. Экспазіцыю размясцілі ў харальнай сінагозе,…