Экспрэс-тэсты прыбылі ў Беларусь у суботу і ўжо адгружаны для перадачы ўстановам аховы здароўя абласцей. 11 траўня апошнія скрынкі будуць перададзеныя ў Гродна, паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя.

Са 100 тысяч атрыманых экспрэс-тэстаў у Мінск перадалі 20 тысяч, Віцебская і Брэсцкая вобласці атрымалі па 11 тысяч штук, Гомельская, Гродзенская і Магілёўская вобласці - па 10 тысяч. Акрамя таго, установам аховы здароўя, якія ўваходзяць у сістэму Мінздароўя, перададзеныя 10 тысяч штук.

У суботу ў Беларусь з Кітая паступілі 100 тысяч экспрэс-тэстаў на наяўнасць антыцелаў да СOVID-19 у крыві. Іх купілі за кошт сродкаў, перакладзеных беларусамі на дабрачынны рахунак Мінздароўя.

Спачатку тэсты размяркуюць па медыцынскім установам. Лекары будуць выкарыстоўваць іх для пастаноўкі дыягназу пацыентам на стацыянарным лячэнні.

Плануецца, што выкарыстоўваць экспрэс-тэсты пакуль што будуць толькі ўстановы аховы здароўя. На наступным тыдні чакаюцца дадатковыя пастаўкі, пасля чаго ў Беларусі мусіць з’явіцца магчымасць праходзіць тэставанне ўсім ахвотным.

Чытайце таксама: З’явіліся і зніклі. Колькі каштавалі першыя ў Беларусі платныя тэсты на антыцелы да каранавіруса

Што такое экспрэс-тэсты на антыцелы і навошта яны нам

Тэсты на антыцелы да каранавіруса патрэбныя для пошуку перахварэлых і лячэння хворых. Да гэтага часу ў Беларусі выкарыстоўвалі толькі адзін від тэставання — дэтэкцыі РНК віруса ў матэрыялах мазкоў.

Іншы тып аналізу — пошук антыцелаў да каранавіруса ў плазме крыві. Без яго, напрыклад, немагчыма выявіць рэальную долю перахварэлых у папуляцыі і нельга знайсці тых, хто мог бы стаць донарам плазмы крыві, піша meduza.io. Аналіз на антыцелы дазваляе выявіць, ці сутыкаўся чалавек з вірусам або не да цяперашняга моманту і як адрэагавала яго імунная сістэма. У адным з варыянтаў гэты аналіз можа праводзіцца па дробнай кроплі крыві і даваць вынік усяго за 15 хвілін.

Антыцелы супраць віруса застаюцца ў крыві істотна даўжэй, чым вірус у мазках, таму толькі тэст на антыцелы можа адказаць на пытанне, ці сутыкаўся чалавек з COVID-19 раней і ці ёсць у яго імунітэт да інфекцыі.

Як гэта працуе

У перыяд разгару клінічных сімптомаў экспрэс-тэсты выяўляюць наяўнасць імунаглабулінаў М, якія сведчаць аб актыўным інфекцыйным працэсе. Калі чалавек перахварэў некаторы час таму, у яго з’яўляюцца імунаглабуліны G. Пры наяўнасці падазрэнняў, звязаных з перанесеным ў лёгкай форме захворваннем, можна будзе прайсці тэставанне, каб пацвердзіць іх ці абвергнуць.

Перахварэлыя могуць не хвалявацца?

Большасць даследаванняў паказваюць, што ў крыві ў перахварэлых новай каранавіруснай інфекцыяй прысутнічаюць антыцелы, аднак у некаторых узровень гэтых антыцелаў вельмі нізкі, піша bbc.com са спасылкай на СААЗ.

Па стане на 24 красавіка, як заяўляе СААЗ, ні адно даследаванне не дало заключэння адносна таго, ці з’яўляецца прысутнасць у крыві чалавека антыцелаў да каранавіруса SARS-CoV-2 пацвярджэннем імунітэту супраць наступнага інфіцыравання. Гэта значыць, што перахварэўшы чалавек можа і заразіцца паўторна.

Як доўга ў арганізме захоўваюцца антыцелы да каранавіруснай інфекцыі, пакуль невядома.

Паводле афіцыйных звестак Міністэрства аховы здароўя, па стане на 11 лютага ў Беларусі пацверджана 263 551 выпадак каранавіруса (1692 за апошнія суткі), ачунялі і выпісаны 252 068 (1990 за апошнія суткі) пацыентаў, памёрлі 1820 чалавек (9 за апошнія суткі).

Хроніка каранавіруса ў Гродне