У раённай бальніцы Мар’інай Горкі пачалі рабіць платны экспрэс-тэст на антыцелы да каранавіруса. Вынікаў давядзецца чакаць 10-15 хвілін, піша n*.by. Праўда, праз нейкі час магчымасць тэставання там знікла.

Інфармацыя аб тэстах на сайце Мар’інагорскай ЦРБ з’явілася 7 мая.

«Аплачваеце ў касе і з гэтым чэкам прыходзіце да нас у працэдурны кабінет. Накіраванне ад доктара для здачы тэсту не патрэбна», — расказалі ў бальніцы.

Цана — 40 рублёў (для медработнікаў — 36 рублёў).

Такі тэст мусіць паказаць, ці перахварэлі вы ўжо на каранавірус. Праўда, не ва ўсіх, хто перанёс хваробу на нагах, арганізм выпрацоўвае антыцелы.

Праз нейкі час на сайце бальніцы ў раздзеле “Платныя паслугі” з’явілася абнаўленне, згодна з якім з тэстамі пакуль давядзецца пачакаць.

“У сувязі з затрымкай у атрыманні дазвольных дакументаў на правядзенне имунохромотографического тэсту на наяўнасць антыцелаў да інфекцыі COVID-19 дадзеная працэдура часова выключаная з пераліку платных паслуг” – тлумачыць абвестка.

Пра дату правядзення працэдуры адміністрацыя Мар’інагорскай ЦРБ абяцае паведаміць дадаткова і просіць прабачэння.

Пра тое, што Беларусь атрымала пробную партыю тэстаў на вызначэнне антыцелаў да COVID-19, міністр аховы здароўя Уладзімір Каранік паведаміў 17 красавіка.

“На сённяшні момант мы ведаем кошт тэсту. Улічваючы выдатковасць арганізацыі тэставання, кошт тэсту – парадку 4,2 долара”, – удакладніў кіраўнік Мінздароўя 8 траўня у эфіры “БТ”.