Гуманітарны транспарт з маскамі, сродкамі дэзінфекцыі і лекамі адправіўся з Варшавы вечарам 23 красавіка. Раніцай ён прыбудзе ў Гродна, пасля абеду павінен дабрацца да Мінска.

Пра гэта інфармуе TVP Info са спасылкай на прадстаўніка польскага МЗС Марціна Пшыдача.

Польшча выслала 50 тыс. літраў сродкаў для дэзінфекцыі, 100 тыс. хірургічных масак, 30 тыс. літраў антысептыку, 75 тыс. літраў іншых вадкасцяў і 1000 упаковак леку «Арэхтн» (Arechin), які раней выкарыстоўваўся для лячэння малярыі і рэўматоіднага артрыту, але ў сакавіку атрымаў у Польшчы допуск для лячэння заражэнняў каранавірусам SARS-CoV-2.

Значная частка сродкаў будзе перададзена ў рэгіёны, дзе ёсць вялікая польская нацыянальная меншасць: Гродна і Воранава.

Таксама сваю гуманітарную дапамогу Беларусі прапанавала Літва. Пра гэта заявіў літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа падчас гутаркі з Аляксандрам Лукашэнкам, піша T*T.BY. Акрамя таго, Беларусі ўжо аказалі дапамогу ў барацьбе з COVID-19 Расія, Узбекістан і Кітай.

Паводле звестках Міністэрства аховы здароўя, па стане на 23 красавіка ў Беларусі пацверджаны 8022 выпадкі каранавіруса. Ачунялі і выпісаныя 938 пацыентаў, памерлі 60 пацыентаў.

Хроніка каранавіруса ў Гродне