Арганізацыям, якія займаюцца адключэннем гарачай вады, рэкамендавалі перанесці тэрміны. Адключэнні вады павінны былі пачацца як раз у час прагназаванага піку эпідэміі каранавіруса. У Гродне — з 13 траўня.

У час чарговага стрыма Мінздрава гледачы адзначылі, што адсутнасць гарачай вады не дазволіць нармальна выконваць гігіену падчас эпідэміі, піша onliner.by.

Сапраўды, цяпер ёсць праблема, і па рашэнні мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў будзем рэкамендаваць перанесці тэрміны, напрыклад, на верасень. Але прафілактыка ўсё роўна павінна праводзіцца, бо гэта залог бяспекі ў зімовы перыяд, — распавёў першы намеснік міністра жыллёва-камунальнай гаспадаркі Рэспублікі Беларусь Генадзь Трубіла.

Капітальныя рамонты пераносіць не плануюць, але пэўныя абмежаванні ўсё ж ўведзеныя: рабочым парэкамендавалі пачакаць з працамі ў кватэрах, каб мінімізаваць кантакты з насельніцтвам.

У Гродне гарачую ваду мусілі пачаць адключаць з 13 траўня — з мікрараёнаў Дзевятоўка, Грандзічы, раёна вуліц Мендзялеева, Шчорса і Пралетарскай.