Паступленне ў Польшчу, да якога рыхтуюцца многія школьнікі з Гродна, можа сарвацца з-за каранавіруса. З-за пандэміі зачыненыя межы, у Польшчы ўведзены жорсткі каранцін. Цяпер не ясна, ці будзе ў цяперашніх гродзенскіх абітурыентаў магчымасць стаць студэнтамі замежных ВНУ.
На сайце Мінадукацыі без змен
Падаўжэнне вясновых канікул пакуль не паўплывала на працягласць навучальнага года ў Беларусі, тэрміны правядзення выпускных экзаменаў і ЦТ таксама не змяніліся. На сайце Міністэрства адукацыі напісана, што апошні званок у беларускіх школах празвініць 30 мая. Іспыты ў 11-х класах запланаваны з 1 па 9 чэрвеня, а цэнтралізаванае тэставанне – з 13 чэрвеня па 4 ліпеня.
Праўда, пакуль ніхто не можа з упэўненасцю сказаць, што ўсё так і будзе.
Школьнікі, якія плануюць паступленне ў Польшчу, беларускімі экзаменамі звычайна не цікавяцца – ім яны проста не патрэбныя. Але ва ўмовах пандэміі ўсё можа змяніцца. Выпускнікі 2020 года, якія планавалі вучыцца ў Польшчы, распавялі Hrodna.life, як сочаць за сітуацыяй з каранавірусам і якія альтэрнатыўныя планы ў іх ёсць.
Дар’я Лубочка: «Без адукацыі не застануся»
Дар’я займаецца польскай мовай ужо два гады. Спачатку прыйшла ў грамадскі ліцэй пры арганізацыі “Польска Матеж Школьна”, каб проста навучыцца гаварыць на мове суседзяў. Потым вырашыла, што вышэйшую адукацыю таксама хоча атрымаць у Польшчы. Паступаць вырашыла ва Уроцлаўскі палітэхнічны, на інжынера-праекціроўшчыка.
«Пакуль усё пакрыта невядомасцю, – кажа Дар’я, – Але я стараюся не хвалявацца. Тым больш, што цяпер стагоддзе тэхналогій і ўсе экзамены можна правесці анлайн».
На выпадак, калі мяжы не адкрыюць, у Дар’і ёсць запасны варыянт – працягнуць вучобу ў Беларусі. «Раней разглядала варыянты паступаць у беларускія ВНУ, так што без адукацыі не застануся».
Данііл Ліс: «Сачу за навінамі і спадзяюся на лепшае»
Данііл вучыцца ў «польскай школе» (СШ №36) і плануе паступаць у Акадэмію фізкультуры і спорту ў Гданьску.
«На дадзены момант мне нічога не вядома, – кажа Данііл. – Я сачу за навінамі і спадзяюся на лепшае».
На яго думку, да экзаменаў эпідэмія пойдзе на спад і межы адкрыюць. Калі не, то Данііл гатовы да плана “Б”: «Буду паступаць у каледж, напрыклад, у Гродзенскі электратэхнічны. Або ў войска пайду. Там на ўсіх месца хопіць»
Максім Валюк: «Можа, у наступным годзе?»
Максім вучыцца разам з Даніілам і паступаць у Акадэмію фізкультуры хлопцы збіраюцца разам. Яснасці з планамі у Максіма не болей, чым у аднакласніка:
«Наконт межаў – толькі Богу вядома», – сумна жартуе ён.
Праўда, вялікія надзеі ўскладае на магчымасці дыстанцыйнай падачы дакументаў у польскія ВНУ і варыянты з дыстанцыйным навучаннем. Ідэю паступаць у Беларусі Максім не разглядае. На крайні выпадак збіраецца адкласці паступленне на год.
Школьнікі кажуць, што ў размовах з аднакласнікамі тэма выпускнога і паступлення адна з самых частых. Маўляў, усе разумеюць, што дзеля эпідэміялагічнай бяспекі і баль, і экзамены могуць адмяніць. Але пакуль большасць спадзяецца на лепшае. «Парад жа 9 траўня не адмяняюць, значыць і выпускны таксама адзначым», – абнадзейваюць школьнікі адзін аднаго.
Дырэктарка школы: “Самі хвалюемся. Сітуацыя цяжкая”
Алена Мелеш, дырэктарка ліцэя імя Элізы Ажэшкі пры арганізацыі “Польска Матеж Школьна”, кажа, што падача дакументаў у польскія ВНУ адкрыта да кастрычніка. Ёсць надзея, што да гэтага часу сітуацыя нармалізуецца.
Праўда, яна адзначае: калі не пачнуць працаваць консульствы і не адчыняць мяжы, не ўсе жадаючыя змогуць паехаць вучыцца за мяжу – зараз не ва ўсіх выпускнікоў ёсць візы.
«Нічога не вядома. Я звязвалася з NAWA [дзяржаўнае агенцтва, якое арганізуе экзамены і дае ўрадавыя стыпендыі для замежнікаў з польскімі каранямі – рэд.], яны нічога яшчэ не ведаюць.
Некаторыя вну адкрылі прыём заявак. Будуць у электронным выглядзе прымаць дакументы. Магчыма, нават гутаркі правядуць праз скайп. Такая практыка і раней была ў некаторых навучальных установаў.
Але нічога канкрэтнага пакуль сказаць вучням не можам. Самі хвалюемся. Цяжкая сітуацыя».


