У Гродне паказалі, як будзе выглядаць новая гарадская скульптура на Савецкай — святы Губерт. Аўтар, Уладзімір Панцялееў, прадставіў Гродзенскай абласной мастацка-экспертнай радзе мяккую мадэль скульптуры. Яе плануюць паставіць каля будынку Гродзенскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў на месцы помніка турысту, які быў тут раней.
Як распавёў скульптар Уладзімір Панцялееў тэлеканалу «Гродно Плюс», ідэя з’явілася ўжо даўно, а зараз прадставіўся выпадак рэалізаваць яе ў рамках падрыхтоўкі да Фестывалю нацыянальных культур.
Мяркуюць, што скульптура зойме сваё месца да пачатку лета. Помнік будзе каля трох з паловай метраў, яго вырабяць з граніту і бронзы.