Гродзенскія фанаты 29 сакавіка на матчы “Нёман” – “Віцебск” правялі перформанс у падтрымку заўзятараў усяго свету, а таксама выступілі супраць каранавіруса.
Нягледзячы на пандэмію, чэмпіянат Беларусі па футболе ніхто не адмяняў. Ён праходзіць згодна з календаром і ў прысутнасці гледачоў на стадыёне.
«Беларусь сёння адзіная краіна, дзе гледачы могуць прыйсці на футбол і заўцець за любімую каманду, – распавядае адзін з лідараў фан-руху “Нёмана” Павел. – Афіцыйна ў нас каранцін не аб’яўлены, таму мы спакойна прыходзім на стадыён. Мы зрабілі на сектары невялікі перформанс у падтрымку ўсіх заўзятараў, якія вымушаныя сёння сядзець дома. Таксама мы хочам паказаць свой пратэст супраць гэтага каранавіруса. Супраць гэтай брыдоты, якая ўзяла ўсю нашу планету. Свет перажыў шмат праблем і гэтую перажывем таксама. Галоўнае – заставацца людзьмі і верыць у светлую будучыню. Увесь свет – трымайцеся, мы з вамі. Сёння мы заўзеем за ўсіх вас».
У другім туры “Нёман” абыграў “Віцебск” з лікам 2:0. На матчы прысутнічала 750 чалавек.




