Актуальную інфармацыю пра каранавірус COVID-19 у Гродне, Беларусі і суседніх краінах глядзіце тут.
25 сакавіка прэс-служба Міністэрства аховы здароўя абнавіла дадзеныя аб тых, хто захварэў каранавірусом ў Беларусі. Цяпер іх 86 чалавек. У Гродне лабараторна пацверджаны другі выпадак каранавіруснай інфекцыі.
«На сённяшні дзень ужо выпісаныя або рыхтуюцца да выпіскі 29 пацыентаў. Працягваецца медыцынскі кантроль і лячэнне 57 пацыентаў».
Яшчэ па двух пацыентах спецыялісты праводзяць дадатковую праверку ў сувязі з неадназначнасьцю атрыманых вынікаў.
У Гродне лабараторна пацвердзілі другі выпадак COVID-19, піша grodnonews.by са спасылкай на начальніцу галоўнага ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама Алену Краткову. Двадцацідзевяцігадовы гродзенец, кіроўца-дальнабойнік, вярнуўся самалётам са Швецыі. Мазок на коранавірус паказаў станоўчы вынік, яго шпіталізавалі ў абласную інфекцыйную бальніцу. Клінічных сімптомаў хваробы ў яго няма. Цяпер выяўляецца кола яго кантактаў першага і другога ўзроўня.
На сённяшні дзень у Рэспубліцы Беларусь праведзена каля 23 тыс. тэстаў на COVID-19, паведамляе прэс-служба.
Два дні таму быў пацверджаны 81 захварэлы, учора статыстыку не агучвалі. Тады ж, 23 сакавіка, медыкі папрасілі людзей з групы рызыкі і з прыкметамі ВРВІ трымацца сацыяльнай самаізаляцыі. 24 сакавіка Міністэрства аховы здароўя аб’явіла аб адкрыцці дабрачыннага рахунка на барацьбу з каранавірусам.