Гарадзенку з каранавірусам перавялі ў рэанімацыю, піша vgr.by, спасылаючыся на начальніцу галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Алену Краткову. У хворай з’явіліся сімптомы пнеўманіі. Яшчэ адна пацыентка з Жыткавічаў (Гомельская вобласць) у цяжкім стане, пры гэтым ні яна, ні яе асяроддзе не былі за мяжой. Усяго ў Беларусі зафіксаваны 81 выпадак каранавіруса, асноўныя ачагі - Мінск і Віцебск.

У пацыенткі з Гродна, адзінай у вобласці, у каго на дадзены момант пацверджаны COVID-19, з’явіліся сімптомы пнеўманіі. Алена Краткова падкрэсліла, што ў аддзяленне рэанімацыі жанчыну перавялі не па цяжару стану (было аднаразовае павышэнне тэмпературы да 37,4 і невялікі кашаль), а з-за ускладненняў, якія могуць з’явіцца.

— Стан пацыенткі стабільны. У аўторак быў атрыманы адмоўны мазок. Знаходзіцца ў стацыянары яна будзе да моманту акрыяння.

Усе 17 чалавек яе кантактаў ўжо атрымалі другі адмоўны тэст, прыкмет хваробы ў іх няма.

Усяго ў вобласці пад наглядам знаходзіцца 491 чалавек, з іх у шпіталізаваны 56: у Гродзенскай інфекцыйнай бальніцы знаходзіцца 41 пацыент, а астатнія 15 — у інфекцыйных аддзяленнях раённых бальніц. З іх 25 чалавек — гэта кантакты першага ўзроўню, астатнія прыбылі з эпідэмічна небяспечных краін, маюць прыкметы ВРІ, але тэсты адмоўныя.

Пацыентцы ў Жыткавічах ставілі ВРВІ і прапісвалі антыбіётыкі

58-гадовая жыхарка Жыткавічаў з COVID-19 знаходзіцца ў стабільна цяжкім стане ў гомельскай рэанімацыі, піша nn.by. Дыягназ — двухбаковая пнеўманія.

Яе сітуацыя адрозніваецца тым, што ні жанчына, ні яе акружэнне не выязджалі за мяжу.

У жанчыны яшчэ тыдзень таму паднялася тэмпература, пачаўся сухі кашаль. У раённай паліклініцы ёй паставілі дыягназ «вострая рэспіраторная вірусная інфекцыя» і выпісалі антыбіётыкі. Вынікаў гэта не давала, і ў суботу жанчына пайшла ў Жыткавіцкую паліклініку да тэрапеўта. Пасля кансультацыі выйшла з кабінета і страціла прытомнасць. Толькі тады ў яе дыягнаставалі двухбаковую пнеўманію.

Чытайце таксама: Мінздароўя просіць пажылых заставацца дома, усіх — трымаць дыстанцыю паўтара метра

Тады ж зрабілі тэст на каранавірус — і атрымалі станоўчы вынік. Як даведалася «Радыё Свабода», жанчына працуе на адным з прадпрыемстваў начальнікам аддзела кадраў. На прадпрыемстве ўжо тры дні праводзіцца санітарная апрацоўка, лекары правяраюць тэмпературу ў супрацоўнікаў.