Беларусы патрабуюць узмацніць меры па прафілактыцы распаўсюджвання каранавіруса сярод людзей, якія наведваюць установы адукацыі. Для гэтага яны стварылі петыцыю. Яе падпісалі больш за 4 000 карыстальнікаў.
У прыватнасці, просяць распачаць наступныя меры:
1. Увесці абавязковае тэставанне на наяўнасць каранавіруса ўсіх студэнтаў, якія прыязджаюць з-за мяжы, і іх аднагрупнікаў, якія маглі кантактаваць з імі.
2. Устанавіць абавязковы 14-дзённы карантын для студэнтаў, якія прыбываюць з краін, у якіх склалася неспрыяльная эпідэміялагічная сітуацыя па Covid-19.
3. Забараніць масавыя мерапрыемствы ва ўстановах адукацыі.
4. Перавесці ўсе ўстановы адукацыі на дыстанцыйнае навучанне да ліквідацыі неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі ў Еўрапейскім рэгіёне, у прыватнасці, Італіі, і іншых краінах Заходняй Еўропы.
5. Рэгулярна праводзіць дэзінфекцыю інтэрнатаў, дзе пражываюць навучэнцы.
6. Забяспечыць студэнцкія і іншыя інтэрнаты сродкамі асабістай гігіены і дэзінфекцыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту.
Такія меры ўжо прынятыя ў суседніх краінах, напрыклад, у Польшчы і Украіне.
«Эпідэмія непазбежная у кожнай з краін свету»
«Эксперты з розных краін у адзін голас сцвярджаюць, што эпідэмія непазбежная у кожнай з краін свету, пытанне толькі ў тым, якім будзе яе маштаб. Няўчаснае прыняцце прафілактычных мер у Італіі прывяло да катастрафічнага, непад’ёмнага для сістэмы аховы здароўя, узроўню заражэння. Падобная сітуацыя склалася у Іране і Паўднёвай Карэі. Каб пазбегнуць гэтага ў Беларусі, трэба прыняць меры ўжо зараз.
Менавіта забарона на наведванне месцаў масавага збору людзей выратавала Кітай ад катастрофы і краху эканомікі.
Акрамя таго, паміраюць ад каранавіруса ў асноўным пажылыя людзі, старэйшыя за 50 гадоў. Гэта ўзрост нашых бацькоў, бабуль і дзядуляў - СААЗ рэкамендуе іх не наведваць падчас эпідэміі. Але зберагчы іх немагчыма, пакуль мільёны дзяцей, маладых людзей і дзяўчат, якія пастаянна наведваюць школы, гімназіі, каледжы, ліцэі і ўніверсітэты, жывуць з імі разам.
Перавод на дыстанцыйнае навучанне
Таксама мы просім ўвесці дадатковыя меры па абароне пажылых людзей ад магчымага заражэння Covid-19. Зараз яны падарожнічаюць наземным транспартам, ходзяць у крамы, на рынкі і ў паліклінікі, праводзяць аплату і атрымліваюць пенсіі ў паштовых аддзяленнях — увогуле, рэгулярна наведваюць асноўныя месцы перадачы новага віруса па ўсім свеце. Гэта робіць іх неабароненымі і ставіць іх жыццё пад пагрозу.
Міністэрства аховы здароўя павінна неадкладна абгрунтаваць неабходнасць такіх мер ураду, Міністэрству адукацыі і асабіста Прэзідэнту. Міністэрства адукацыі павінна распрацаваць план па пераводзе ўсіх устаноў адукацыі на дыстанцыйнае навучанне ў тэрмiн не больш за 10 рабочых дзён", — гаворыцца ў тэксце петыцыі.
Яна будзе накіравана ў Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.