Старшыня Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч выдаў распараджэнне з прычыны складанай эпідэміялагічнай сітуацыі ў свеце, якая склалася ў свеце ў сувязі з пандэміяй каранавіруса, піша n*.by са спасылкай на catholic.by.

Беручы пад увагу няспыннае распаўсюджванне небяспечнай хваробы, з вераю ў Божы Провід і з клопатам пра здароў'е ўсіх нашых грамадзянаў, у Каталіцкім Касцёле ў Беларусі, які клапоціцца пра духоўнае і фізічнае дабро сваіх вернікаў і ўсяго народа, уводзяцца наступныя прафілактычныя санітарныя захады.

  1. Ушанаванне святога Крыжа, абразоў і рэліквій адбываецца праз укленчванне ці глыбокі паклон без дотыку і цалавання.
  2. Не напаўняць крапільніцы ў касцёлах асвячонай вадой і растлумачыць вернікам пра неабходнасць на пэўны час устрымацца ад іх выкарыстання.
  3. На ваконцах (кратах) канфесіяналаў павінен быць усталяваны абарончы матэрыял, які неабходна рэгулярна дэзінфіцыяваць і змяняць з захаваннем мераў перасцярогі.
  4. Знак супакою перадаецца схіленнем галавы, без тактыльнага кантакту.
  5. Перад цэлебрацыяй Эўхарыстыі духоўныя асобы і міністранты павінны старанна вымыць рукі і падчас яе няўхільна захоўваць нормы гігіены.

Гэтае Распараджэнне дзейнічае да яго адмены.