На 26 сакавіка запланаваны аўкцыён, падчас якога зноў паспрабуюць прадаць комплекс будынкаў былога піўзавода. Таксама на таргі выставілі некалькі старых будынкаў у цэнтры горада.
Чарговая спроба для піўзавода
Піўзавод апошні раз выстаўлялі на продаж у студзені гэтага года, піша t*t.by. А да гэтага — у лістападзе мінулага. У працэсе пачатковая цана лота была зніжана на мільён — да амаль за 1,3 млн рублёў. Пры гэтым пакупніку па яго просьбе можа быць прадастаўлена растэрміноўка плацяжу не больш чым на 1 год.
Таксама інвестар павінен распрацаваць праект рэканструкцыі на працягу двух гадоў з моманту куплі-продажу аб’екта. Рэканструкцыю трэба правесці не пазней чым за 4 гады з моманту падпісання дагавора.
У студзені з’явілася інфармацыя, што піўзаводам зацікавілася польская кампанія Royal Hotel, гатовая ўкласці ў рэканструкцыю завода пад гатэль і бровар каля 13 млн долараў - аднак, мабыць, нешта пайшло не так, і старыя будынкі зноў выстаўляюць на таргі.
Комплекс будынкаў піваварнага завода ў Гродне ўнесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі як помнік архітэктуры другой паловы XIX стагоддзя. У 2010 годзе аб’ект быў набыты СТАА «Экопромэнерго». Аднак у сувязі з невыкананнем дагаворных абавязацельстваў і пагрозай разбурэння ён па рашэнні суда ў лютым 2017 года быў вернуты ў камунальную ўласнасць Гродзенскага гарвыканкама. У мае 2017 года дах будынка знішчыў моцны пажар. Яго аднавілі. Пасля гэтага аб’ект прапануюць патэнцыйным інвестарам.
Дом Варашыльскага, ён жа былы скурвен на Васілька
Таксама 26 сакавіка на аўкцыёне можна будзе купіць комплекс будынкаў на вуліцы Васілька. На гандаль выстаўлены былы скурвендыспарнсер — прадаюць два былыя лячэбных корпуса 1890 і 1891 года пабудовы, а таксама будынак паліклінікі, які складаецца з дзвюх частак 1891 і 1983 гадоў. І харчаблок з прыбудовай і склепам — 1890 года пабудовы. Усюды падведзены вадаправод і каналізацыя. Ёсць яшчэ прыбудовы пазнейшых перыядаў і прахадная. За ўсе хочуць амаль за 1,4 млн рублёў.
Будучы ўладальнік будынкаў павінен будзе падпісаць ахоўнае абавязацельства, бо лот з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю. За чатыры гады ён павінен будзе ўвесці будынкі ў эксплуатацыю, у іх можна будзе размясціць аб’екты грамадскага прызначэння.
Будынкі на Васілька пабудаваныя ў стылі эклектыкі. Тут знаходзіўся прыватны шпіталь Рыгора Варашыльскага, а потым размяшчалася гарадская радзільня. Крыху пазней — скурна-венералагічны дыспансер. Цяпер старадаўнія дамы, уласнікам якіх з’яўляецца Гродзенскі абласны скурна-венералагічны дыспансер, пустуюць.
І яшчэ спробы
Акрамя продажу гэтых старых будынкаў 26 сакавіка, на аўкцыёне 24 сакавіка ў чарговы раз паспрабуюць прадаць будынак насупраць прыпынку «Рэмбыттэхніка» за стартавую цану 2,25 млн рублёў, маёмасць ААТ «Чайка»; некалькі аб’ектаў каля рынку на Паповіча, якія належаць абутковай фабрыцы «Нёман» і два будынкі ААТ «Радыёхвалі».