7 сакавіка ў Гродне ў Цэнтры гарадскога жыцця (вул. Кірава, 3) пройдзе фестываль інтэлектуальнай кнігі «Pradmova». На ім можна будзе даведацца пра найлепшыя навінкі літаратуры ў Беларусі ад саміх аўтараў і перакладчыкаў, выдаўцоў ды іншых культурных герояў нашага часу. Фэст гасцюе ў Гродне ўжо другі раз.
У адзін дзень у нашым горадзе сустрэнуцца Уладзімер Арлоў, Валянціна Аксак, Андрэй Хадановіч, Марына Шода, Павел Баркоўскі, Ганна Севярынец, Аляксандр Фядута, Сяргей Харэўскі, Тацяна Нядбай, Ілля Сін.
Можна будзе не толькі паслухаць літаратараў і музыкаў і паўдзельнічаць у дыскусіях, але і набыць кнігі выдавецтваў “Логвінаў”, Змітра Коласа, Андрэя Янушкевіча, “Галіяфы”, “ARCHE”, часопісы “Наша гісторыя”, “Дуду” і “Асцярожна: дзеці!” ды атрымаць аўтографы аўтараў і перакладчыкаў.
Сярод кніжных навінак, якія прадставяць аўтары і выдаўцы, “Кот Шпрот і зніклы мышамабіль” Ганны Янкуты, новы пераклад “Каханка Вялікай Мядзведзіцы” Сяргея Пясецкага, двухтомнік Збігнева Герберта, “Кава ў арліным гняздзе” Валянціны Аксак, “Вада пачынае жыць” Артура Камароўскага, выбраныя вершы Георга Гайма, Фернанду Песоа і Канстанты Ільдэфанса Галчыньскага ў серыі “Паэты планеты”, “Спадар Свабода. Жыццё і смерць Ігара Герменчука” Сяргея Астраўцова і шмат чаго іншага.
Тамсама можна будзе пагутарыць пра кнігу і мову з перакладчыцай кнігі “Гары Потэр і філасофскі камень” Джаан Роўлінг. Аўтарка асабіста зацверджвала выдаўца, перакладчыцу, вокладку і макет для першай кнігі “Гары Потэра” па-беларуску.

ПАДРАБЯЗНАЯ ПРАГРАМА:
12.00-12.30 Прэзентацыя дзіцячых часопісаў “Дуду” і “Асцярожна: дзеці!” з Аляксеем Шэіным.
12.30-13.15 “Кот Шпрот і магічнае крэсла”: Ганна Янкута і Марына Шода з арыгінальнымі і перакладнымі кнігамі для дзяцей.
13.15-13.45 “Гары Потэр” па-беларуску. Дыскусія пра кнігу з удзелам перакладчыцы Алены Пятровіч і выдаўца Андрэя Янушкевіча.
14.00-14.30 Сяргей Астраўцоў з кнігай “Спадар Свабода. Жыццё і смерць Ігара Герменчука”. Мадэратар Сяргей Дубавец.
14.30-14.45 Прэзентацыя кнігі “Уводзіны ў філасофію” з яе ўкладальнікам Паўлам Баркоўскім.
14.45-15.30 Модны Купала, свойскі Анегін: якіх “сюпрызаў” чакаць ад класікаў? Размова з Ганнай Севярынец і Аляксандрам Фядутам. Мадэратарка Ганна Янкута.
15.30-16.20 Чатыры кнігі паэзіі: Валянціна Аксак “Кава ў арліным гняздзе”, Артур Камароўскі “Вада пачынае жыць”, Марыя Мартысевіч “Сарматыя”, Галіна Сіўчанка “Зоў звычаю”.
16.30-17.20 Лекцыя Сяргея Харэўскага “Зачараваныя рэвалюцыяй: лёсы мастакоў Беларусі пасля рэвалюцыяў 1917 года. Да стагодзя УНОВИС”.
17.20-17.40 “Нататкі кантрабандыста” Віктара Сазонава.
17.40-18.40 “Кантрабандысты планеты”: замежная паэзія і проза па-беларуску. З удзелам Ігара Крэбса, Марыі Пушкінай, Андрэя Хадановіча, Марыны Шоды і Ганны Янкуты. Прэзентацыя новага перакладу “Каханка Вялікай Мядзведзіцы” Сяргея Пясецкага.
18.50-20.10 Уладзімір Караткевіч і “філасофскі камень”. Дыскусія з удзелам Уладзімера Арлова, Сяргея Дубаўца, Марыі Мартысевіч, Аляксандра Фядуты. Мадэратар Андрэй Хадановіч.
20.10-20.30 “Улюбёныя паэты Віктара Шалкевіча”: аўтарскі перформанс.
20.30 Паэтычна-музычны ДЖЭМ. Музыкі: Уладзь Лянкевіч і Эрык Арлоў-Шымкус. Аўтары: Уладзімер Арлоў, Дар’я Бялькевіч, Тацяна Нядбай, Ілля Сін, Андрэй Хадановіч ды іншыя.
АЎТОГРАФ-СЕСІІ:
13.45 Ганна Янкута, Алена Пятровіч і Гары Потэр.
14.30 Сяргей Астраўцоў.
15.30 Ганна Севярынец і Аляксандр Фядута.
16.00 Валянціна Аксак і Артур Камароўскі.
18.40 Марыя Пушкіна з Сяргеем Пясецкім, перакладчыкі “Паэтаў планеты”.
20.10 Уладзімер Арлоў.
Уваход на ўсе часткі праграмы вольны.
“Pradmova” – пляцоўка для камунікацыі паміж выдаўцамі, аўтарамі, рэдактарамі, ілюстратарамі, дызайнерамі і чытачамі. Фестываль праходзіць з 2018 года ў Мінску і рэгіёнах Беларусі. Штогод у ім прымаюць удзел найлепшыя беларускія і замежныя літаратары, а праграма складаецца з дзесяткаў разнастайных імпрэз.
Фэст адбудзецца 7 сакавіка, у суботу, з 12:00 да 21:30 ў Цэнтры гарадскога жыцця (вул. Кірава, 3)



