Гродзенскі пошукава-выратавальны атрад “ЦэнтрСпас” 27 лютага адзначыць 6-годдзе. За час існавання атрад правёў некалькі сотняў пошукаў у Гродзенскай вобласці і дапамог знайсці многіх людзей.
Атрад паўстаў у сярэдзіне 2014 года – як філіял мінскага атрада “Анёл”. У пачатку 2015 года гродзенцы вырашылі аддзяліцца ад “анёлаў” і стварыць сваю арганізацыю. За пяць гадоў у атрадзе памяняліся два камандзіры. Дзеючы камандзір – Аляксандр Крыцкі.
Чым займаецца атрад?
Пошукава-выратавальны атрад “ЦэнтрСпас” шукае зніклых без вестак людзей. Гэта некамерцыйная, валанцёрская арганізацыя, якая працуе за кошт добраахвотных узносаў і спонсарскай дапамогі. Атрад актыўна ўзаемадзейнічае з міліцыяй і МНС.
Колькі людзей у атрадзе?
Касцяк, які гатовы ў любы час выехаць на пошукі, складаецца з 5-7 чалавек. На маштабныя пошукі збіраецца па некалькі дзясяткаў чалавек. А ўсяго валанцёрскіх анкетаў запоўненая больш за 100. Валанцёры – гэта зусім розныя людзі: ад былых супрацоўнікаў міліцыі і вайскоўцаў, да токараў на заводзе і вадзіцеляў тралейбусаў.

Як часта праходзяць пошукі?
За апошні год атрад стаў праводзіць больш пошукаў. Гэта звязана з тым, што часцей сталі знікаць людзі. Група збіраецца на пошукі, як толькі паступае інфармацыя. Пачынаецца неадкладны агульны збор атрада. Валанцёраў апавяшчаюць па тэлефоне і ў сацыяльных сетках. Атрад стараецца аператыўна выязджаць на пошукі. Часам пошукі могуць доўжыцца і некалькі дзён з перапынкамі. Пошукі працягваюцца, пакуль не знойдзецца зніклы чалавек. Зніклых знаходзяць як жывымі, так і мёртвымі. Але падрабязную статыстыку па пошуках атрад не вядзе.
Якія плюсы ад працы ў атрадзе?
У першую чаргу – гэта магчымасць дапамагаць людзям, якія трапілі ў бяду. Знаёміцца з рознабаковымі людзьмі. Таксама валанцёры вучаць пачаткоўцаў аказваць першую дапамогу, арыентавацца ў лесе і экстраных сітуацыях.
Якая дапамога патрэбная атраду?
Атрад мае патрэбу ў першую чаргу ў новых валанцёрах, транспарце і абсталяванні для пошукавых работ (радыёстанцыях, ліхтарах і пражэктарах). Звязацца з атрадам можна праз сацыяльныя сеткі або патэлефанаваць каардынатарам пошуку.
Група VK: Поисково-спасательный отряд “ЦентрСпас”
Таксама яны ёсць у Аднакласніках і Facebook.
Мабільныя нумары каардынатараў пошуку:
Яўген – каардынатар гарадскога пошуку +375297018723
Андрэй – каардынатар ляснога пошуку +375298883457


