У КНР распрацавана вакцына, якая папярэдне паказала эфектыўнасць супраць каронавіруса, паведаміў у панядзелак амбасадар Кітая ў Расіі Чжан Ханьхуэй, піша interfax.ru.

«У Кітаі ўжо распрацавалі вакцыну, якая паказвае імунітэт. Але гэта папярэдне, патрэбныя далейшыя праверкі і дапрацоўкі», — сказаў ён на брыфінгу ў амбасадзе КНР у Маскве.

Чжан Ханьхуэй таксама паведаміў аб знойдзеных эфектыўных леках для лячэння каронавіруса. «Практыка паказвае, што кітайскія лекі эфектыўна дзейнічаюць. Ва ўсіх выпадках, калі ўжываюць лекі, не было ніводнага выпадку ўскладненняў, — адзначыў ён. — Агульная эфектыўнасць кітайскіх лекаў паказвае звыш за 85%, у некаторых раёнах больш за 90%».

Дапамагаюць савецкія лекі

Дыпламат расказаў, што ў Кітаі знайшлі старыя лекі, якія эфектыўна дзейнічаюць супраць каронавіруса, гэта «хларахіна фасфат, некалькі дзясяткаў гадоў ужываем ад малярыі». «Таксама ёсць старыя лекі савецкай вытворчасці. Пакуль двое лекаў лічыцца больш эфектыўнымі, — сказаў амбасадар. — Самыя эфектыўныя спосабы — еўрапейская медыцына ў спалучэнні з кітайскай».

Акрамя таго, Чжан Ханьхуэй абверг здагадкі аб штучным паходжанні каронавіруса. «Я вам дакладна скажу, што гэта не штучнае. Магчыма, гэта вірус як вірус SARS, ад дзікіх жывёл», — сказаў ён.

Амбасадар адзначыў, што пошук крыніцы віруса працягваецца, версія аб тым, што «гаспадаром» захворвання была кажан, правяраецца, але пакуль таксама не пацверджана.

Выкарыстоўваць вакцыну можна толькі ў наступным годзе

Між тым, у канцы студзеня СМІ паведамлялі, што група даследчыкаў у Ганконгу ўжо распрацавала вакцыну супраць каронавіруса. Аднак пачаць яе выкарыстоўваць можна будзе толькі пасля клінічных выпрабаванняў. Па словах даследнікаў, тэставанне вакцыны на жывёлаў зойме месяцы, а перайсці да выпрабаванняў на людзях можна будзе ў лепшым выпадку толькі ў наступным годзе, а ўжо потым пачаць яе масавае выкарыстанне.

Распрацоўку вакцын супраць новага каронавіруса вядуць таксама ў ЗША і Расіі.

У пачатку лютага кіраўнік Міністэрства аховы здароўя РФ Міхаіл Мурашка паведаміў, што распрацоўка вакцыны ад Covid-19 знаходзіцца ў працэсе, зойме 8−10 месяцаў.