На тэрыторыі заказніка ёсць месцы, куды складана дабрацца нават на ровары. Дырэктар заказніка Дзмітрый Марозік вырашыў задзейнічаць для перамяшчэння турыстаў вузкакалейную чыгунку працягласцю каля 30 км, піша rgazeta.by.
Яна пабудаваная ў савецкія гады, каб злучыць торфабрыкетны завод у аграгарадку Верцялішкі са Святым балотам, дзе здабывалася і адкуль транспартавалася прыроднае паліва. Распрацоўкі торфу ў бліжэйшай перспектыве згортваюцца, таму частка вузкакалейкі апынецца незапатрабаванай. Яе і збіраюцца выкарыстаць.
Дзякуючы ёй можна будзе ўбачыць парабалічныя выдмы, векавыя дубы, балоты, помнік ахвярам Другой сусветнай вайны недалёка ад вёскі Стрыеўка. У планах — наведванне месцаў пражывання зубра еўрапейскага, экскурсія ў патайныя куткі некалькіх азёр, злучаных пратокамі.
Па вузкакалейцы турысты паедуць на веладрызінах або на іншым нетрадыцыйным транспарце. У планах стварыць інтэрактыўныя прыпынкі і размясціць эколага-асветніцкую інфармацыю.
Дырэктар лічыць, што гэта стане візітнай карткай заказніка.
Жывёльны свет заказніка прадстаўлены 33 відамі млекакормячых, 140 птушак, 6 паўзуноў і 7 земнаводных. 21 від занесены ў Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь. Таксама тут расце 781 від сасудзістых раслін, у тым ліку 16, занесеных у Чырвоную кнігу.