Беларусь працягне закупаць нафту ў іншых краінах, нават калі яна будзе даражэйшай за расійскую. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння на сустрэчы з калектывам Светлагорскага ЦКК, піша n*.by cа спасылкай на БЕЛТА.
Падчас перамоў у Сочы Уладзімір Пуцін засумняваўся, што беларускі бок працягне купляць нафту ў іншых краінах. «Навошта вы будзеце гэта рабіць, калі яна ўсё роўна даражэй за расійскую?» — спытаў ён.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь працягне дыверсіфікаваць закупкі. «Каб кожны год 31 снежня не стаяць на каленях», — растлумачыў кіраўнік дзяржавы.
Таксама ён дадаў, што Беларусь і Расія не абмяркоўваюць стварэнне наднацыянальных органаў, але праца па дарожных картах працягнецца.
«Мы будзем і далей працаваць па інтэграцыі. У гэтым няма нічога дрэннага», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, стварэнне наднацыянальных органаў і іншых аб’яднанняў, што было прадугледжана 31-й дарожнай картай, бакі дамовіліся не абмяркоўваць. «Чыста эканамічныя пытанні па інтэграцыі», — растлумачыў ён.