21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы ў Гародні ў Цэнтры гарадскога жыцця пройдзе традыцыйная беларуская дыктоўка, паведамляе r**yja.com.
Пра яе сёлетнія адметнасці распавядае кіраўнік гарадзенскай абласной арганізацыі ТБМ Віктар Парфёненка:
— Да нашай вечаровай праграмы далучаюцца прадстаўнікі «Саюза беларускіх пісьменнікаў», якія на пачатку імпрэзы павінны ўручыць ганаровы дыплом першаму рэгіянальнаму лаўрэату ў пісьменніцкім беларускім асяроддзі рэгіёну — Антаніне Хатэнка, якая прыедзе з Менску. Таксама мы папросім яе як лаўрэата прачытаць дыктоўку. Сёлета мы выбралі сярод вялікай колькасці вартых людзей такога творцу як Аляксей Карпюк, якому спаўняецца 100 год. Будзе зачытаны ў якасці тэкста для дыктоўкі фрагмент ягонага вядомага твора «Данута».
На думку Віктара Парфёненкі, апроч самой дыктоўкі на імпрэзе чакаюцца і іншыя культурніцкія сюрпрызы:
— Будзе яшчэ і музычная частка. Мы ўпэўненыя, што будзе ў нечым па-хатняму прыемна ўбачыць знаёмых людзей, але ў іншым амплуа. Створаны гурт NZ, у які ўваходзяць гарадзенскія літаратары, выканае некаторыя свае творы, якія ён адмыслова для гэтай дыктоўкі рыхтаваў. Вянцом нашага мерапрыемства стане выступ Алеся Дзянісава. Паабяцаў выканаць некалькі сваіх уласных і з вершаў Уладзіміра Караткевіча, якому сёлета споўнілася б 90 гадоў.
Гэта гарадзенская дыктоўка стане ўжо 13-й па ліку, што ладзіцца недзяржаўнымі арганізацыямі. Таксама плануецца, што дыктоўкі, у якіх актыўны ўдзел прымуць сябры ТБМ, пройдуць і ў іншых гарадах і вёсках Гарадзеншчыны.