Гурток «Простыя словы» з’явіўся ў арганізацыі народнай адукацыі АБФ (Актыўным Быць Файна). Удзельнікі гуртка будуць вывучаць беларускую мову з дапамогай цікавых гульняў, сур’ёзнай літаратуры і беларускага кінематографа, даведаюцца пра культуру і традыцыі краіны. І ўсё гэта — бясплатна.

— Мы вырашылі стварыць гурток, таму што праблема «разумею, але сказаць не магу» існуе пагалоўна, у тым ліку ў мяне, — кажа лідарка гуртка Ксенія Апончык. — Мову мы будзем вывучаць праз культуру і праз гульні. Напрыклад, пазнаёмімся з мастацтвам выцінанкі, даведаемся, што такое «батлейка», згуляем у беларускія народныя гульні. Мы будзем даведвацца нейкіх цікавых аўтараў і паэтаў, як класікаў, так і сучасных, плюс, вядома ж, народныя казкі. Будзем нешта чытаць на месцы.

Заняткі плануюцца раз на два тыдні па нядзелях. Першы занятак прайшоў 9 лютага. Больш інфармацыі - тут.

— Кожнаму зручна вывучаць нешта па рознаму, але ў спрэчцы нараджаецца ісціна, а значыць, калі мы можам падзяліцца ведамі і паспрачацца адзін з адным «на роўных», то інфармацыя запомніцца лепш, і гэта будзе цікава, без сістэмы ацэньвання, кантролю наведвання, — кажа пра перавагі такога спосабу вывучэння лідарка гуртка.

Яна кажа, што ўдзельнікаў на першым гуртку было няшмат, але яны падтрымалі ідэю, усім цікавы працяг.

Што такое АБФ?

АБФ (Актыўным Быць Файна) — першая ў Беларусі арганізацыя сучаснай народнай адукацыі для моладзі і дарослых. Тут праводзяць навучальныя (шведскія) гурткі, акадэміі лідэрства, цімбілдынгі, семінары, трэнінгі, воркшопы, публічныя кінапрагляды, жывыя бібліятэкі, дэбаты, акцыі і шмат іншых цікавых адукацыйных мерапрыемстваў.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life