Hrodna.life разам з кавярняй «Наша кава» правёў конкурс на найлепшую назву сувенірнай кавы з Гродна. У галасаванні перамагла з істотным адрывам назва «Тызенгаўз» — яна набрала 38%. Яе прапанавалі адразу некалькі ўдзельнікаў.

«Наша кава» запускае гродзенскую сувенірную каву ўласнай вытворчасці. Назву ўласнікі кавярні прапанавалі выбраць самім гродзенцам. Чытачы Hrodna.life даслалі нам больш за 120 прапановаў. Паводле вынікаў двухэтапнага галасавання найбольш галасоў атрымалі варыянты «Тызенгаўз» — 38%, «Гародня» — 15% і «Замкавая» — 14%.

Шэсць чалавек, якія прапанавалі варыянт «Тызенгаўз», атрымаюць ад «Нашай кавы» купоны на 7 бясплатных каваў (эспрэса, амерыкана, капучына, латэ) — можна будзе цэлы тыдзень піць бясплатна каву. Ад рэдакцыі Hrodna.life пераможцы атрымаюць нашыя фірмовыя кубкі «Час на каву». Інфармацыю пра тое, як забраць свае падарункі, пераможцы атрымаюць па электроннай пошце.

Таксама запрашаем пераможцаў, удзельнікаў конкурсу і наогул усіх чытачоў у рэдакцыю Hrodna.life — проста папіць кавы разам з намі. Бліжэйшы тыдзень у нас у кавамашыне — выдатнае зерне з Гандурасу, якое нам ласкава падарыла «Наша кава».

Наша кава кофе в зернах

Як Тызенгаўз звязаны з кавай?

Гродзенскі стараста Антоній Тызенгаўз адкрыў у горадзе першы кафэнгаўз — кавярню. Гэта было недзе ў 1770-х. Апісанне гэтай установы, праўда ўжо зачыненай і пераробленай у карчму, знайшла гродзенскі гісторык Наталля Сліж. Будынак кафенгаўза знаходзіўся на месцы сённяшняга галоўнага корпуса ГрДУ.

Можна сказаць, што Тызенгаўз гэта той, хто прывез каву ў Гродна і ад каго пачалася гісторыя гэтага напою ў нашым горадзе. Таму назваць сувенірную каву ў гонар яго — цалкам лагічна.

Чаму варта стварыць брэндавую каву?

Кожны горад намагаецца стварыць які-небудзь уласны адметны сувенір, брэнд, нешта пазнавальнае. І нярэдка гэта напой або ежа. Усе ведаюць кракаўскія абважанкі, венскі штрудэль, будапешцкі бітэр Унікум, рыжскі бальзам і, канешне ж, львоўскую каву. Калі ва Украіне сталіца кавы — Львоў, то ў Беларусі гэта безумоўна Гродна — горад, дзе ў канцы 18 ст з’явілася першая на тэрыторыі Беларусі кавярня.

Чаму менавіта «Наша кава»?

Яны — пачынальнікі і безумоўныя лідары найноўшай кававай хвалі ў Гродне. Яны сталі сапраўдным брэндам горада, яны папулярныя і сярод турыстаў, і сярод гродзенцаў. Яны добра ведаюць, што па ўсім свеце кава — не толькі напой, але і сувенір.

Навошта гэта Hrodna.life?

Мы за любы варушняк! Мы ад самага пачатку свайго існавання стараемся развіваць наш горад, адсочваем усе навінкі ў турызме, сочым за новымі месцамі, сувенірамі, брэндам горада і г. д. Мы верым, што Гродна гэта кававая сталіца Беларусі, а брэндавая кава дапаможа пацвердзіць гэты тытул.