Адна з першых кавярняў горада “Наша Кава” запускае гродзенскую сувенірную каву ўласнай вытворчасці. Назву для яе выберуць самі гродзенцы. Hrodna.life сабраў больш за 120 прапановаў ад сваіх чытачоў. Прадстаўнікі рэдакцыі, кавярні і эксперты-гісторыкі выбралі некалькі самых лепшых, на нашую думку, варыянтаў. Цяпер галасуеце вы!

Чаму варта стварыць брэндавую каву?

Кожны горад намагаецца стварыць які-небудзь уласны адметны сувенір, брэнд, нешта пазнавальнае. І нярэдка гэта напой або ежа. Усе ведаюць кракаўскія абважанкі, венскі штрудэль, будапешцкі бітэр Унікум, рыжскі бальзам і, канешне ж, львоўскую каву. Калі ва Украіне сталіца кавы – Львоў, то ў Беларусі гэта безумоўна Гродна – горад, дзе ў канцы 18 ст з’явілася першая на тэрыторыі Беларусі кавярня.

Чаму менавіта “Наша кава”?

Яны – пачынальнікі і безумоўныя лідары найноўшай кававай хвалі ў Гродне. Яны сталі сапраўдным брэндам горада, яны папулярныя і сярод турыстаў, і сярод гродзенцаў. Яны добра ведаюць, што па ўсім свеце кава – не толькі напой, але і сувенір.

Навошта гэта Hrodna.life?

Мы за любы варушняк! Мы ад самага пачатку свайго існавання стараемся развіваць наш горад, адсочваем усе навінкі ў турызме, сочым за новымі месцамі, сувенірамі, брэндам горада і г.д. Мы верым, што Гродна гэта кававая сталіца Беларусі, а брэндавая кава дапаможа пацвердзіць гэты тытул.

Колькі будзе доўжыцца галасаванне? І што пасля яго будзе?

Галасаванне будзе адкрыта з 20 да 27 снежня. Варыянт, які набярэ больш за ўсё галасоў, стане назвай першай гродзенскай сувенірнай кавы. Яго аўтар атрымае падарункі ад Hrodna.life і “Нашай кавы”. Некаторыя варыянты, якія ўдзельнічаюць у галасаванні, прапанавалі некалькі чалавек. Калі такі варыянт пераможа, то ніводзін з аўтараў ідэі не застанецца без падарунка.

Перадрук матэрыялаў Hrodna.life магчымая толькі з пісьмовага дазволу рэдакцыі. Кантакт info@hrodna.life