«Калі мы не зробім Беларусі рэальнай прапановы партнёрскіх адносін, у нас не будзе шанцу звязаць яе з ядром Цэнтральнай Еўропы, — заявіў у інтэрв'ю польскай газеце «Rzeczpospolita» намеснік міністра замежных спраў Польшчы Павел Яблонскі, піша n*.by.
«Мяркую, што Беларусь — гэта ў найбліжэйшыя гады адзін з нашых абсалютных прыярытэтаў», — сказаў польскі дыпламат.
Намеснік міністра мяркуе, што ў апошнія гады Польшча «моцна сканцэнтравалася на Украіне», з якой яна мела цяжкае мінулае, а Польшчы след памятаць таксама пра Беларусь, з якой у яе «цяжкая цяпершчына». «Там прэзідэнт кіруе цвёрдай рукой, але відаць, што ён шукае пэўнай прапановы з боку Захаду. Тое, што ён не пагадзіўся на поўнае аб’яднанне з Расіяй, поўнае падпарадкаванне, добры прыклад таго», — лічыць Яблонскі.
Яго інтэрв'ю апублікаванае ў часопісе «Plus Minus», дадатку да газеты «Rzeczpospolita», блізкай да польскага нацыянальна-кансерватыўнага ўрада.
«Было б лягчэй, каб беларускія ўлады паступова змякчалі палітычны рэжым»
«Я перакананы, што пытанне Беларусі будзе ключавым, бо калі мы не зробім Беларусі рэальнай прапановы партнёрскіх адносін, у нас не будзе шанцу звязаць яе з ядром Цэнтральнай Еўропы», — дадае дыпламат.
Ён пацвердзіў, што з Беларусі даходзяць сігналы такога плана, хоць часам і супярэчлівыя. «Ад нашых прадпрымальнікаў мы маем інфармацыю, што супрацоўніцтва не заўсёды адбываецца належным чынам. З другога боку, прыходзяць сігналы, што беларусы зацікаўленыя ў павелічэнні прысутнасці Польшчы ў эканамічнай сферы. А гэта, у сваю чаргу, вядзе да збліжэння ў адносінах іншага роду», — тлумачыць Яблонскі.
Адначасова ён засцерагае, што Польшча павінна браць пад увагу, якія палітычныя нормы існуюць у Беларусі. «Было б лягчэй, каб беларускія ўлады паступова змякчалі палітычны рэжым», — падкрэслівае намеснік міністра замежных спраў.
«Наша мэта — заахвоціць Беларусь, каб яна мянялася»
Па яго словах, на пытанне магчымага збліжэння Беларусі з Захадам можна «глядзець дваяка». «Паставіць умовы, якія беларусы павінны выканаць, каб далучыцца да нас у якасці партнёра, або падысці да пытання прагматычна і дзейнічаць пакрокава ўзамен за паступовыя палітычныя рэформы», — кажа польскі дыпламат.
Ранейшыя тэорыі пра магчымасць раптоўнага падзення цяперашняй беларускай улады не спраўдзіліся, адзначае ён.
«Наша мэта — заахвоціць Беларусь, каб яна мянялася, — кажа Яблонскі. — але мы кажам, што хочам супрацоўнічаць, хоць нам некаторыя рэчы не падабаюцца. Нельга змусіць да гэтых перамен сілай», — дадае польскі дыпламат.