Пра незвычайны выпадак расказаў гродзенскі святар Георгій Рой. Ён учора гуляў з сабакам па лесе, а калі вярнуўся, заўважыў на ім кляшча, піша n*.by.

«Увесну мы надзяваем сабаку адмысловы ашыйнік, але ўчора ён быў без яго. Мы нават не думалі, што ў гэту пару года могуць быць кляшчы», — наракае Георгій Рой.

У Навукова-практычным цэнтры Акадэміі навук па біярэсурсах тлумачаць, што такое цалкам верагодна.

«Кляшчы і ўзімку могуць быць актыўныя, калі адліга. Гэта не навіна. Для іх цяпер нармальнае надвор’е, — кажа загадчык лабараторыі Алег Прышчэпчык. — Мы неяк у лютым-сакавіку былі ў Белавежскай пушчы, і на вялікіх палянах, дзе снег сышоў, кляшчы сядзелі на траве і чакалі ахвяр».

Навуковец дадае, што кляшчы даволі трывалыя. Калі ляжыць снег і тэмпература трымаецца нуль і ніжэй, то яны ўпадаюць у анабіёз, хаваюцца ў зямлю і чакаюць. Як толькі праграюцца верхнія слаі глебы, яны выходзяць, каб пашукаць мышэй і яшчарак. А ў сухія сезоны года сустракаюцца рэдка — для іх гэта некамфортнае надвор’е.

Пераносчыкамі інфекцый кляшчы могуць быць і ўзімку.

«Калі ў арганізме кляшча ўжо ёсць агент (бактэрыяльны, вірусны), то ён будзе захоўвацца, пакуль клешч не загіне. Таму гэта латарэя, укусіць цябе здаровы ці хворы клешч», — пракаментаваў Алег Прышчэпчык.